14.01.2019/№3

image

Выдавецкі дом “Беларуская навука” свой 90-гадовы юбілей адзначыў тры гады назад.

Напярэдадні Дня беларускай навукі, у час фінальных акордаў святкавання 90-годдзя НАН Беларусі зусім не лішнім было б расказаць пра акадэмічную ўстанову, крыху старэйшую за саму акадэмію. РУП «Выдавецкі дом “Беларуская навука”» свой 90-гадовы юбілей адзначыла тры гады назад.

Універсальнае выдавецтва

Узнікненне выдавецтва прыпадае на восень 1925 – люты 1926 г., калі ў структуры Інстытута беларускай культуры, які паводле пастановы ЦВК і СНК БССР ад 13.10.1928 г. быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук (БАН), канчаткова сфарміраваўся выдавецкі аддзел на чале з членам Прэзідыума Інбелкульта і намеснікам яго старшыні А. Смолічам. З 1929 г. выдавецтва ў складзе БАН. На працягу сваёй гісторыі яно называлася «Выдавецтва Акадэміі навук», «Навука і тэхніка», «Беларуская навука». 10 лютага 2005 г. у адпаведнасці з пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ў выніку рэарганізацыі выдавецтва шляхам далучэння да яго рэдакцыйна-выдавецкай установы «Навука і інавацыі» і паліграфічнага ўчастка ўтворана РУП «Выдавецкі дом “Беларуская навука”».

image

Сёння гэта адна з найстарэйшых і найбуйнейшых выдавецкіх устаноў краіны, якая ажыццяўляе выданне навуковай, навукова-папулярнай, даведачнай і іншай літаратуры, а таксама выпуск навуковых часопісаў і газеты, заснавальнікам якіх з’яўляецца НАН Беларусі. Сярод кніжнай прадукцыі пераважную колькасць складаюць выданні гуманітарнай тэматыкі: зборы твораў класікаў беларускай літаратуры, фундаментальныя даследаванні ў галіне мовазнаўства і літаратуразна­ўства, этнаграфіі і фальклору, мастацтвазнаўства, гісторыі, культуралогіі, філасофіі і сацыялогіі, эканомікі і г. д. Калі да гэтага дадаць яшчэ навуковыя манаграфіі і зборнікі прац па фізіцы, тэхніцы, хіміі, біялогіі, медыцыне, прыродакарыстанні і сельскай гаспадарцы, а таксама штогадовы выпуск звыш ста нумароў навуковых часопісаў і газеты, то без перабольшання можна зазначыць, што такога ўніверсальнага выдавецтва ў краіне проста няма. Калі ў 2005-м, першым годзе пасля стварэння выдавецкага дома, гадавы выпуск кніжнай прадукцыі налічваў толькі 60 назваў, то праз тры гады іх колькасць павялічылася амаль удвая і расла з кожным годам, дасягнуўшы на працягу 2015–2018 гг. ад 140 да 150 найменняў штогод. Гэта стала магчымым дзякуючы высокаму прафесіяналізму і адказнасці супрацоўнікаў выдавецтва і пастаяннай мадэрнізацыі як выдавецкіх сістэм для камп’ютарнай версткі і мастацкага афармлення выданняў, так і сучаснага паліграфічнага абсталявання для лічбавага друку і пераплётных работ.

Выданні апошніх гадоў

Варта хаця б фрагментарна спыніцца на выданнях апошніх двух гадоў. Яны, у пэўнай ступені, сталі знакавымі: 2017 быў аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі, і выдавецтва адкрыла яго выпускам грунтоўнага энцыклапедычнага даведніка «Национальная академия наук Беларуси», а завяршыла выданнем яшчэ аднаго даведніка – «Ученые, прославившие Беларусь», які выйшаў напярэдадні ІІ З’езда вучоных Рэспублікі Беларусь. Выпускаліся кнігі папулярных серый «Людзі беларускай навукі» і «Біябібліяграфія вучоных Беларусі»: у першай серыі ў 2017–2018 гг. пабачылі свет выданні, прысвечаныя акадэмікам У.Р. Гусакову, М.П. Таміну, І.Д. Юркевічу, А.А. Міхалевічу, у другой – акадэмікам і членам-карэспандэнтам З.В. Васіленка, В.Г. Ціхіню, З.М. Ільіной, М.А. Картэлю, Я.І. Маруковічу ды інш.

image

Для нас, выдаўцоў, і для навукоўцаў Цэнтра дасле­даванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі год 2017 стаў асаблівым яшчэ і таму, што былі завершаны два фундаментальныя выданні – «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» ў 37 тамах і «Нарысы гісторыі культуры Беларусі» ў 4 тамах і 5 кнігах.

2018 і 2019 гады таксама з памятнымі датамі – стагадовыя юбілеі абвяшчэння БНР і ўтварэння БССР. На гэтым фоне можна адзначыць такія выданні, як калектыўныя манаграфіі «Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі, 1772–1917», «Беларуская Народная Рэспубліка – крок да незалежнасці», «Belarus: Pages of History» (англійскі пераклад ранейшага выдання «Беларусь: старонкі гісторыі»). Вучонымі Інстытута гісторыі НАН Беларусі падрыхтавана пяцітомная «История белорусской государственности». Першы том пабачыў свет у канцы 2018 г., у пачатку 2019 г. будзе надрукаваны другі том, на гэты ж год запланаваны і выхад астатніх тамоў.

2018 – Год малой радзімы. Да яго быў прымеркаваны выпуск кнігі акадэміка А.І. Лакоткі «Маршруты белорусского туризма. Историко-культурные ландшафты», манаграфіі А.І. Цяпковай «Местечки Беларуси. Этнологические исследования», зборніка вершаў супрацоўнікаў НАН Беларусі «Зямлі, навекі бла­славёнай», кніг серыі «Беларусь праз прызму рэгія­нальнай гісторыі», прысвечаных Шумілінскаму і Свіслацкаму раёнам, кнігі А. Ненадаўца «Легенды старых млыноў» з серыі «Традыцыйны лад жыцця», першых выданняў новай серыі «Фальклор нашага краю» – «Народная проза Акцябр­шчыны» і «Песні Велеў­шчыны» і чарговых тамоў аўтарскай серыі пісьменніка Алеся Марціновіча «Гісторыя праз лёсы» і інш.

Нашы ўзнагароды

Па-ранейшаму асаблівая ўвага надаецца дызайну выданняў. Кнігі «Беларускай навукі» дзякуючы адмысловаму мастацкаму афармленню не губляюцца на паліцах кнігарняў і бібліятэк. Нашы выданні рэгулярна прадстаўлены на рэспубліканскім і Міжнародным (сярод дзяржаў – удзельніц СНД) конкурсах «Мастацтва кнігі» і на Міжнародным конкурсе на лепшы навукова-выдавецкі праект «Навуковая кніга», які з 2010 г. праводзіць Савет па кнігавыданні МААН.

image

2018 год прынёс дзве вышэйшыя ўзнагароды на рэспу­бліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі»: дыпломы пераможцы і ганаровыя знакі «Залаты фалі­янт» выдавецтва атрымала за фундаментальнае выданне Ю.У. Чантурыі «Белорусское градостроительное искусство: средневековое наследие, ренессанс, барокко, классицизм в системе европейского зодчества» (намінацыя «Залатыя скрыжалі») і за выпуск 4-томнага ў 5 кнігах грунтоўнага даследавання «Нарысы гісторыі культуры Беларусі» (намінацыя «Духоўнасць»).

Навуковая перыёдыка

Як вядома, акрамя выпуску кніжнай прадукцыі «Беларуская навука» выдае шэраг перыядычных выданняў, заснавальнікам якіх з’яўляецца НАН Беларусі: навуковыя часопісы «Доклады Национальной академии наук Беларуси», «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (у 7 серыях), «Аграрная экономика», «Природные ресурсы», навукова-практычны часопіс «Наука и инновации», навукова-тэарэтычны і інфармацыйна-ме­тадычны часопіс «Вестник Фонда фундаментальных исследований», навуковую, вытворча-практычную газету «Навука».

Асноўныя часопісы («Доклады НАН Беларуси» і «Весці НАН Беларусі») прадстаўлены ў міжнароднай базе дадзеных РІНЦ (Расійскі індэкс навуковага цытавання), з 2018 г. выдавецтва праводзіць работу па прадстаўленні ў РІНЦ штогадовых зборнікаў навуковых прац шэрага акадэмічных інстытутаў. На працягу 2017–2018 гадоў выдавецтвам зроблена нямала для таго, каб часопісы «Доклады НАН Беларуси» і «Весці НАН Беларусі» ўсіх серый былі ўключаны ў міжнародную базу дадзеных Scopus: распрацаваны і дзей­нічаюць сайты гэтых часопісаў, унесены неабходныя змены ў структуру часопісаў, іх афармленне. У канцы 2018 г. стала вядома аб уключэнні «Докладов Национальной академии наук Беларуси» ў базу дадзе­ных Emerging Sources Citation Index (ESCI) на плат­форме Web of Science. З 2019 г. у гэтай базе ўжо сталі даступнымі для міжнароднай навуковай супольнасці нумары часопіса, пачынаючы з 62 тома (1–6 нумары за 2018 г.).

Паліграфічная база

Развіццё сваёй паліграфі­чнай базы – адна з прыярытэтных задач выдавецтва. З дапамогай Прэзідыума НАН Беларусі і за кошт уласных сродкаў выдаве цкі дом абсталёўвае ўчастак аператыўнай паліграфіі сучаснымі машынамі лічбавага друку і тэхнікай для пераплётных работ. Гэта дае магчымасць друкаваць ва ўласнай друкарні амаль усю перыёдыку, за выключэннем газеты, больш за 80% гадавога выпуску па назвах і ўмоўных друкаваных аркушах кніжнай прадукцыі.

Падсумоўваючы вышэй­пера­лічанае, можна з упэўненасцю сказаць, што сёння выдавецкі дом «Беларуская навука» – гэта сапраўды па-свойму ўнікальны ўніверсальны цэнтр па выданні навуковай літаратуры і перыёдыкі.

Георгій КІСЯЛЁЎ,

вядучы рэдактар РУП «Выдавецкі дом “Беларуская навука”»