12.11.2018/№46

image

Малады вучоны з Інстытута гісторыі НАН Беларусі распрацоўвае тэму гісторыі беларускай архітэктуры перыяду Вялікага Княства Літоўскага.

Мікалай Волкаў, старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, не толькі даследуе асаблівасці беларускага замкавага дойлідства, узбраення і функцыянавання, але імкнецца падзяліцца сваімі ведамі з сучаснымі рэстаўратарамі гістарычных будынкаў.

Малады вучоны распрацоўвае тэму гісторыі беларускай архітэктуры перыяду Вялікага Княства Літоўскага яшчэ са студэнцкіх часоў. Таму невыпадкова ў 2016 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную абароназдольнасці рэзідэнцый князёў Радзівілаў. За плячыма Мікалая – стажыроўкі ў Германіі, Польшчы, Літве, Расіі; больш за 50 навуковых публікацый, сярод якіх – тры манаграфіі. Адна з іх была створана да Міжнароднай выставы «Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII – пачатку XVIII ст».

«Мяне заўжды цікавіла, як функцыянавалі ўмацаванні часоў ВКЛ, а па ўзбраенні можна казаць пра абароназдольнасць, – адзначае М.Волкаў. – Я вывучаў Нясвіжскі, Ляхавіцкі, Быхаўскі, Гарадзенскі, Слуцкі і іншыя замкі – іх дзясяткі ў маёй навуковай калекцыі. Зараз планую працаваць над манаграфіяй, прысвечанай Падзвінню. У ёй будуць закранацца розныя тыпы ўмацаванняў. Трэба разумець, што такое замак – гэты тэрмін з гадамі эвалюцыянуе. У XVI ст. так называлі ўсю абарончую архітэктуру, у XVIII ст. – палацава-паркавыя комплексы. Увогуле, пад замкам разумеюць не толькі каменныя ці цагляныя збудаванні, але і драўляныя. Прычым без прынцэс і драконаў, як у казках».

Важна ўлічыць, што беларускія замкі шмат дзе будаваліся з цэглы і не захаваліся таму, што проста былі разабраны на дамы, печы і коміны. Драўляныя ж згнілі ці згарэлі. У той жа Чэхіі замкі – з камення.

М.Волкаў зазначае, што нашы замкі ці­-кавыя замежным да­следчыкам: перш за ўсё з краін, якія маюць агульную з намі гіс­торыю, – Украіна, Польшча ды інш. Але экспертаў па абарончых збудаваннях нашай краіны даволі мала.

Беларускія замкі – не толькі аб’екты турызму, але і вельмі спецыфічны феномен, які патрабуе дэтальнага вывучэння. Падчас рэканструкцый у рэстаўратараў і гісторыкаў узнікаюць дыскусіі, нярэдка не супадаюць падыходы: прыгажосць бярэ верх над гістарычнай праўдай.

Малады вучоны ставіць перад сабой мэту не толькі пашыраць свае веды пра мінуўшчыну, рэтрансляваць іх праз навуковыя публікацыі, але і быць слушным дарадцам пры аднаўленні беларускіх замкаў. «Зараз дзяржава ўкладае вялікія фінансы ў рэканструкцыю Крэўскага, Гальшанскага і Гарадзенскага замкаў. І калі ў першых дзвюх усё ідзе згодна з гістарычнымі канонамі, то ў Гародні да экспертаў не прыслухоўваюцца. Хачу спадзявацца, што ў будучым сітуацыя зменіцца».

Тым больш, гэта справа мае намер працягвацца. Па словах М.Волкава, у Беларусі аднаўляюцца і драўляна-земляныя комплексы. Ёсць ініцыятывы і ідэі, назапашаны пэўныя архіўныя дадзеныя – справа за фінансаваннем і дапамогай мясцовых уладаў.

«Мая вялікая мара – знайсці якасную каляровую панараму старажытнага Слуцка», – кажа М.Волкаў. У будучым ён мае намер стварыць комплексную сістэму ведаў пра беларускія абарончыя збудаванні. Тым больш, прэмія высокага ўзроўню паказвае запатрабаванасць падобнай працы.

Москва Алексеевский Сяргей ДУБОВІК, «Навука»