03.09.2018/№36

image

Настаўнікі сярэдніх школ сталіцы азнаёміліся з падыходамі да выкладання гісторыі і грамадазнаўства.

Напярэдадні новага навучальнага года супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і метадысты Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі азнаёмілі настаўнікаў сярэдніх школ сталіцы з падыходамі да выкладання гісторыі і грамадазнаўства.

«Раней гісторыя Беларусі змяшчалася на 75 старонках, зараз – у 12 тамах, якія мы плануем падрыхтаваць. Вучоныя Інстытута гісторыі ўжо выдалі «Нарысы гісторыі беларускай дзяржаўнасці», дзве кнігі «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў канцы ХVIII – пачатку ХХІ стст.». У выдавецтве зараз знаходзіцца «История белорусской государственности. От истоков до сегодняшнего дня» ў 5 тамах», – адзначыў акадэмік-сакратар Аддзялення гумані­тарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя. Зроблена шмат, але яшчэ больш трэба зрабіць, у тым ліку разам з прадстаўнікамі педагагічнай суполь­насці, па шырокай папулярызацыі гісторыі нашай краіны.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза падрабязна пазнаёміў амаль 250 настаўнікаў Мінска з распрацаванай акадэмічнымі вучонымі канцэпцыяй гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Былі паказаны яе гістарычныя і нацыянальныя формы, закрануты асаблівасці дадзяржаўнага перыяду ад першапачатковага засялення тэрыторыі да IX ст., засяроджана ўвага на цікавых і ўні­кальных гістарычных фактах і археа­лагічных аб’ектах, якія неабходна актыўна ўключаць у навучальны вучэбны працэс.

Пры выкладанні прадмета настаў­нікам гісторыі пажадана браць пад увагу распрацоўкі і рэкамендацыі вучоных. Пра гэта сказала старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі Алена Трубчык, якая прааналізавала выкладанне ў сярэдняй школе актуальных пытанняў гісторыі Беларусі першай паловы XX стагоддзя. У падручніках, на жаль, можна знайсці недакладнасці. Некаторыя гістарычныя падзеі пададзены не праблемна, без сувязі з ужо пройдзеным матэрыялам. Напрыклад, у падручніку для 10 класа недастаткова паказана сувязь Кастрычніцкай рэвалюцыі з іншымі фактамі сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця пачатку ХХ ст. Метадычныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца настаўнікі, могуць прывесці да таго, што важнейшыя этапы стварэння беларускай дзяржаўнасці савецкага перыяду могуць застацца для вучняў незразумелымі.

«Гістарычная навука развіваецца імкліва, але не заўсёды школьны падручнік за ёй паспявае. У адрозненне ад выкладчыкаў ВНУ, якія канцэптуальна тлумачаць студэнтам падзеі з розных навуковых пазіцый, падштур­хоўваюць да фарміравання ўласнага меркавання, настаўнік больш абме­жаваны вучэбнай праграмай, часам, адведзеным на вывучэнне новага ма­тэрыялу, а таксама мэтанакіраванай падрыхтоўкай вучняў да тэсціравання. Менавіта тэсты як форма кантролю ведаў робяць немэтазгодным даваць розныя канцэпцыі і погляды», – лічыць А.Трубчык.

Яна таксама адзначыла, што ў першай палове XX стагоддзя адбывалася вельмі дынамічная змена падзей, таму гэты час гісторыі насычаны вялікай колькасцю дат, імёнаў, складаных тэрмінаў. Механічнае завучванне можа адцягнуць увагу вучняў ад разумення сутнасці працэсаў станаўлення нашай дзяржаў­насці.

Выправіць падобныя недахопы дазваляе прафесіянальны вопыт і кампетэнтнасць настаўніка. Веданне сучасных навуковых пазіцый, асаблівасцей утварэння і развіцця беларускай дзяржаў­насці дазволіць увесці элемент мультырэспектыўнасці ў методыку выкладання гісторыі. Разам з тым наспела неабходнасць перагляду зместу школьных падручнікаў і перапрацоўкі структуры адпаведна праблемна-храналагічнаму падыходу.

Настаўнік мае ўплыў на вучняў і тым самым нясе адказнасць за фарміраванне іх светапогляду. Яе ж адчуваюць і вучоныя, бо нельга адрываць навуковы пошук ад рэальнага жыцця. Такім чынам, акадэмічная навука і адукацыя павінны рухацца ў неразрыўнай сувязі і адпавядаць патрабаванням развіцця сучаснага грамадства і дзяржавы.

Валянціна ЛЯСНОВА

Фота аўтара, «Навука»