20.08.2018/№34

image

У новым палявым сезоне археолагам Інстытута гісторыі НАН Беларусі шчасціць на знаходкі.

«Археолагі – гэта дэтэктывы мінуўшчыны», – менавіта так красамоўна ахарактарызавала іх прызначэнне знакамітая пісьменніца Агата Крысці. 15 жніўня прадстаўнікі гэтай прафесіі адзначылі сваё неафіцыйнае свята – Дзень археолага.

image

У новым палявым сезоне археолагам Інстытута гісторыі НАН Беларусі шчасціць на знаходкі. Акрамя сенсацыйных адкрыццяў на ўскраіне старажытнага Мінска (С.Дзярновіч) і Новага замка Гродна (І.Спірын, А.Касцюкевіч), цікавыя, а часам і ўнікальныя артэфакты розных гістарычных перыядаў выяўлены на стаянцы каменнага веку каля в.Камянюкі ў Белавежскай пушчы (А.Ткачоў), раннеславянскіх паселішчах каля в.Давыд-Гарадок Столінскага раёна (Г.Бяліцкая) і в.Доўгае Салігорскага раёна (А.Касюк) на Беларускім Палессі, археалагічным комплексе Кардон Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці (С.Дзярновіч), курганным могільніку каля в.Пасека Старадарожскага раёну (А.Іоў), тэрыторыях старажытнага Слоніма (А.Максімовіч), былой крэпасці Сокал Расонскага раёна (М.Клімаў) і палаца Святаполк-Мірскіх каля Мірскага замка (І.Ганецкая).

Супрацоўнікі інстытута на чале з М.Чарняўскім, акрамя ўнікальнага зааморфнага амулета ў форме галавы вужа, знойдзенага на паселішчы Асавец 2 Бешанковіцкага раёна (Крывінскі тарфянік), папоўнілі свае калекцыі жалейкай з трубчастай косткі птушкі з трыма адтулінамі на адным канцы – найбольшую на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы з духавых музычных інструментаў 3-га – першай паловы 2-га тысячагоддзя да н.э.

image

image

Згаданыя адкрыцці зацікавілі не толькі прадстаўнікоў СМІ, але і ўсіх, хто вывучае гісторыю роднага края. Пра новыя знаходкі мы папрасілі распавесці археолагаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, якія ўжо маюць за плячыма багаты вопыт, а таксама іх маладых, перспектыўных і таленавітых калег.

see Мікалай КРЫВАЛЬЦЭВІЧ, кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік:

– Мы працягваем археалагічнае вывучэнне помнікаў позняга неаліту і эпохі бронзы ў Капанскім мікрарэгіёне – даліне ракі Днепр каля в. Капань (Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць). Адна з асноўных мэтаў даследавання – вызначэнне этапаў асваення мікра­рэгіёна ў ІІІ – пач. І тыс. да н.э., зменаў у пахавальнай абраднасці, у гаспадарчых занятках і ў сацыяльнай структуры. Вывучалася паселішча эпохі бронзы Капань 19, адкрытае мной летась. У раскопках удзельнічалі студэнты-валанцёры гістарычнага факультэта БДУ, школьнікі і настаўнікі з Бабруйскага краязнаўчага цэнтра. Асноўны атрыманы матэрыял – кераміка і крамянёвыя вырабы тшцінецкага культурнага кола (1700–1000 гады да н.э.). Пацвярджаецца меркаванне пра тое, што ў межах акрэсленага ўчастка даліны Дняпра ў тшцінецкі перыяд актыўна асвойвалася, у тым ліку, відаць, у гаспадарчых мэтах, левая нізкая тэраса ракі, дзе, напэўна, і варта шукаць большасць тшцінецкіх паселішчаў і могільнікаў.

Працягваліся пошукі і раскопкі помнікаў неаліту і бронзавага веку ў вярхоўях ракі Случ на тэрыторыі Салігорскага раёна. У прыватнасці на познанеалітычным паселішчы Мелкавічы 2. Нам актыўна дапамагалі мясцовыя валанцёры, школьнікі і настаўнікі з Салігорскага цэнтра ту­рыз­му і краязнаўства. У межы раскопу трапіла паўночная частка глыбокага стражытнага аб’екта (глыбіня каля 1,5 м) (жытла альбо гаспадарчай ямы) з керамікай, крамянёвымі вырабамі (наканечнік стралы, нарыхтоўка наканечніка, нажы, скрабкі і інш.), камянямі, дробнымі фрагментамі костак, вугельчыкамі і інш. Найбольш верагодны перыяд існавання аб’екта – ІІІ тыс. да н.э. Датаванне плануецца ўдакладніць радыявугляродным метадам па вугалю з ямы.

Некалькі новых помнікаў неалітыч­нага перыяду адкрыта ў выніку разведак уздоўж ракі Арэса паміж вёскамі Нежын і Калінаўка (Любанскі раён Мінскай вобласці).

image

купить Дурь Новосокольники Павел КЕНЬКА, навуковы супра­цоўнік:

– Сёлета падчас раскопак каля вёскі Гальшаны Ашмянскага раёна намі выяўлены дом дружынніка X стагоддзя. Каля Гальшан размяшчаецца комплекс археалагічных помнікаў, які ўключае гарадзішча, селішча і тры курганныя групы. Раскопкі ў гэтых мясцінах праводзяцца адзінаццаць гадоў. Тут зроблена шмат знаходак, у тым ліку антычныя манеты і гунскія наканечнікі стрэл.

Да гэтага мы знаходзілі пабудовы XI–XV стагоддзяў, а сёлета пашчасціла раскапаць рэшткі жылой пабудовы X стагоддзя. Яна ўяўляе сабой два ланцужкі падмурка з буйных валуноў, печ-каменку, а таксама агмень для гатавання ежы.

Такія пабудовы сустракаліся ў найбольш важных цэнтрах беларускага і літоўскага Панямоння: у Ваўкавыску, Крэве, Навагрудку, Вільні.

Акрамя самой пабудовы былі зной­дзены прадметы, якія таксама датуюцца X стагоддзем: паясныя накладкі на дружынны пояс з Волжскай Булгарыі, фрагмент наканечніка похваў мяча са Скандынавіі, фрагмент срэбнага дырхема, адчаканенага ў Арабскім халіфаце, гірка для ўзважвання срэбра, фрагмент бранзалета і гузік на кафтан з Кіева.

Мяркуем, што ўсе гэтыя артэфакты належалі дружынніку, блізкаму да князя, бо мячы ў тыя часы маглі насіць толькі прадстаўнікі «вайсковай эліты».

Ганна ЦІМАФЕЕНКА, навуковы супрацоўнік:

– У гэтым палявым сезоне пра­цягваліся працы на тэрыторыі Гомельскай вобласці ў басейнах рэк Днепр і Сож. На курганным могільніку каля в. Курганне Буда-Кашалёўскага раёна скончаны даследа­ванні курганнага насыпу, датаванага X–XI стст. Асаблі­васцю абодвух раскапаных на могільніку насыпаў з’яўляецца тое, што асноўныя пахаванні былі вынутыя з курганоў яшчэ ў старажытнасці. Замест іх былі зроблены новыя пахаванні. Адно – жаночае – у сярэдзіне XI ст., другое – мужчынскае – у XII–XIII стст.

Акрамя таго, былі працягнуты работы на паселішчы IX–XII стст. каля в. Саланое Жлобінскага раёна. Ускрытая плошча аказалася паміж гаспадарчымі і жылымі пабудовамі, таму на ёй зной­дзены прадметы, якія насельнікі старажытнай вёскі згубілі пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці. Паселішча стаіць непасрэдна на беразе р. Дабысны. Вось чаму менавіта тут ламаліся і губляліся ў большасці рыбалоўныя прылады. Даследаванні на паселішчы праліваюць святло як на побытавыя асаблівасці насельнікаў, так і на характар мясцовых гандлёвых сувязяў, якія, праз многа ступеняў, выходзілі нават да берагоў старажытнай Сірыі. Дняпроўскі рэгіён падараваў нам новыя веды аб сярэднявечным побыце і традыцыях.

Аляксандр МАКСІМОВІЧ, малодшы навуковы супрацоўнік:

– У 2018 годзе працягвалася даследаванне помнікаў у басейне р. Шчары. Традыцыйна ладзілі дзіцячы археала­гічны летнік «Юны археолаг», які дзейнічае ўжо чацвёрты год. Падчас яго працы разам з калегам Алегам Ткачовым былі праведзены археалагічныя разведкі па правым беразе Шчары, а таксама шурфоўка некаторых аб’ектаў. Сярод выяўленых матэрыялаў пераважаюць знаходкі каменнага веку.

image

Зараз у гістарычнай частцы Слоніма праводзяцца выратавальныя раскопкі. Гарадскі пласт добра насычаны артэфактамі, сярод якіх сустракаюцца рэчы розных эпох і культур – ад X да XIX–ХХ стст.

Рэдакцыя газеты «Навука» далучаецца да віншаванняў у адрас археолагаў! Жадаем новых цікавых знаходак, плёну і поспехаў!