25.06.2018/№26
Рэспубліканскі круглы стол «Адлюстраванне сучаснай Беларусі ў мастацкай літаратуры» быў прысвечаны 90-годдзю НАН Беларусі.
Падобная тэма для дыскусіі вучоных і членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі выспела даўно. Аб неабходнасці стварэння грунтоўных літаратурных твораў пра сучаснае жыццё нашай краіны не раз казаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Актуальнасці тэматыцы надае і той факт, што ў Беларусі 2018–2020 гады пройдуць пад знакам Года малой радзімы.
Падчас круглага стала да вучоных і літаратараў з прывітальным словам звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. Ён адзначыў:
«Мы з’яўляемся сведкамі таго, што сёння кіраўніцтвам краіны і асабіста Прэзідэнтам А.Р.Лукашэнкам робіцца многа для развіцця навукі і адукацыі, культуры і мастацтва. У дзяржаве выконваюцца важныя сацыяльныя праграмы, накіраваныя на ахову здароўя, пераадоленне вынікаў Чарнобыльскай катастрофы, захаванне экалогіі і ашчаднае выкарыстанне прыродных рэсурсаў.
Хачу падкрэсліць, што дасягненні грамадска-палітычнага і духоўна-культурнага развіцця краіны залежаць ад кожнага з нас, ад нашага прафесіяналізму і стаўлення да вырашэння агульнадзяржаўных спраў. У гэтым сэнсе літаратура і пранікнёныя словы пісьменнікаў набываюць асаблівае значэнне. Майстры мастацкага слова могуць і павінны спрыяць кансалідацыі грамадства, фарміраванню мастацка-эстэтычных густаў грамадзян краіны, выхаванню гуманістычных і маральных каштоўнасцей.
Агульнавядома, што нацыянальная літаратура, мова, культура – аснова дзяржаўнай ідэалогіі, стрыжань патрыятычнага выхавання моладзі і навучэнцаў. Без нацыянальнай ідэалогіі краіна не зможа паўнавартасна развівацца і паспяхова рухацца наперад. На пярэднім рубяжы ідэалагічнай працы заўжды былі майстры мастацкага слова. Менавіта іх палымяны голас павінен абуджаць і натхняць на працу шырокія колы грамадства. Сустрэчы ў працоўных калектывах, навучальных установах павінны пастаянна адбывацца не толькі ў сталіцы, але і ў невялікіх гарадах і мястэчках.
Беларуская літаратура заўсёды адрознівалася высокім грамадзянскім пафасам, імкненнем да праўды і аб’ектыўнасці. Пра гэта яскрава сведчаць творы нашых класікаў – Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Максіма Танка, Кандрата Крапівы і Уладзіміра Караткевіча.
Перад сучаснымі майстрамі слова стаяць важныя агульнанацыянальныя задачы – захоўваць і пашыраць класічныя традыцыі беларускай літаратуры, зберагаць гістарычную памяць, праз мастацкія вобразы выхоўваць патрыятычныя пачуцці падрастаючага пакалення, павагу да Радзімы.
Ва ўмовах глабалізацыі менавіта пісьменнікі і вучоныя-філолагі ў значнай ступені абавязаны спрыяць захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці і забяспечваць духоўна-культурную самабытнасць беларускага народа.
Вучоныя Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі значна актывізавалі не толькі навукова-даследчую працу, але і арганізацыйную. Яны праводзяць буйныя канферэнцыі і форумы, на якіх глыбока і ўсебакова аналізуецца стан беларускай літаратуры, абмяркоўваюцца ключавыя моманты станаўлення і развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства. Вельмі правільна і лагічна, што ў акадэмічных мерапрыемствах прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх вышэйшых навучальных устаноў, а таксама пісьменнікі, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў. Толькі пры ўмове кансалідацыі намаганняў вучоных-філолагаў і творцаў мастацкага слова можна абудзіць у людзей пачуцці высакароднасці і служэння Айчыне.
Кожны мае ўласны погляд на сучасную літаратуру і рэаліі жыцця краіны. Часам пазіцыі могуць не супадаць. Менавіта дыскусіі і ўзважаныя абмеркаванні павінны дапамагаць літаратарам і вучоным узняцца на якасна новы ўзровень асэнсавання рэчаіснасці, стварыць кнігі, якія з захапленнем сустрэнуць чытачы».
Падчас круглага стала абмяркоўваліся асаблівасці сучаснай беларускай літаратуры розных жанраў, мастацкія падыходы да адлюстравання рэчаіснасці, тэмы роднага кута, творчыя набыткі маладых літаратараў ды інш. У полі зроку: чалавек і час у сучаснай літаратуры Беларусі; экалагічная і ваенная праблематыка беларускай літаратуры трэцяга тысячагоддзя; развіццё нацыянальнай літаратуры ў кантэксце сусветнай глабалізацыі; сацыяльная адказнасць і выхаваўчае значэнне мастацкай літаратуры канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя; родная мова як аснова нацыянальнай культуры і літаратуры. Была звернута ўвага на тое, што Беларусь сучаснага ўзору – гэта краіна са слаўнай гісторыяй. У яе мастацкім даследаванні пісьменнікі часта становяцца піянерамі. Важна ўлічыць, што пры напісанні гістарычнай літаратуры не трэба абмяжоўвацца толькі адлюстраваннем сялянскага жыцця. Беларусь знакамітая сваімі ўплывовымі шляхетнымі дынастыямі – гэта таксама частка нашай мінуўшчыны, якую трэба прапускаць праз празаічную і паэтычную прызму. Тое ж тычыцца і нашага часу: сёння ідзе працэс урбанізацыі, на змену традыцыйнай вёсцы прыходзяць больш развітыя аграгарадкі. Гэтымі ды іншымі думкамі падзяліліся пісьменнікі Георгій Марчук, Валерый Гапееў, Алесь Бадак; літаратуразнаўцы Уладзімір Гніламедаў, Іван Штэйнер, Іван Саверчанка і інш.
Падобныя сустрэчы – адна з магчымасцей агульнымі намаганнямі вучоных-гуманітарыяў і пісьменнікаў зверыць творчыя гадзіннікі і ўзгадніць планы. Тым больш, па словах акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Аляксандра Кавалені, падтрымка такога дыялогу з боку Прэзідыума НАН Беларусі ёсць. Без яе не пабачылі б свет выданні, прысвечаныя сучаснаму навуковаму асэнсаванню творчасці беларускіх пісьменнікаў, прадстаўленныя ўдзельнікам круглага стала.
Сяргей ДУБОВІК