18.06.2018/№25

image

Вялікі энтузіяст сваёй справы Мікола Залатуха збіраў па крупінах жывую энцыклапедыю сваёй ма­лой радзімы.

У Год малой радзімы ў кожнага свае клопаты. Хтосьці дбае пра быт і развіццё рэгіёнаў нашай краіны, хтосьці – пра захаванне непаўторнасці роднага краю, традыцый, якія адлюстраваліся ў народнай творчасці. Якім чынам зберагчы неацэнны скарб? Пра гэта распавяла загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна ВАЛОДЗІНА.

Адна з формаў захавання – гэта гуказапіс вуснай творчасці прад­стаўнікоў сталага пакалення бе­ларусаў, алічбоўка адметных апо­ведаў і спеваў.

image

Мастак і рэстаўратар, а яшчэ вялікі энтузіяст сваёй справы Мікола Залатуха (на фота) родам з вёскі Велеўшчына Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. У 1970–1980-х гадах ён збіраў па крупінах жывую энцыклапедыю сваёй ма­лой радзімы. У тым ліку і песні. Менавіта яны, упарадкаваныя згодна з бегам каляндарнага часу і тэматыкі сямейных урачыстасцей, дэманструюць багаты свет уяўленняў, мар, ведаў, пачуццяў беларускіх сялян. Матэрыял змешчаны ў зборніку «Песні Ве­леўшчыны», які нядаўна выйшаў у Выдавецкім доме «Беларуская навука».

Новая кніга – другая ў серыі «Фальклор нашага краю», у якой плануецца разгледзець творчасць Гарадоччыны, Любаншчыны, Чавушчыны ды іншых рэгіёнаў нашай краіны. Першай стала «Народная проза Акцябршчыны», падрыхтаваная Аленай Боганевай з Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі. Тут можна знайсці казкі, былічкі, паданні, народны пераказ Бібліі і інш.

«Наш фальклор добра даследаваны ў сваіх адметных праяўленнях. Але асноўны акцэнт рабіўся на агульнаэтнічную карціну. Вы­даваліся зборнікі, прысвечаныя аднаму жанру, але без уліку рэгіянальных асаблівасцей. Напрыклад, серыя «Беларуская народная творчасць», якая хутка дасягне 50 тамоў, была арыентавана на дэманстрацыю тэкстаў з усёй этнічнай тэрыторыі беларусаў. Далей была спроба паказаць у анталогіі аса­блівасці шасці гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў. Мы вырашылі паказаць адметнасці лакальных этнакультурных утварэнняў, раёнаў ці асобна ўзятай вёскі, – кажа Т.Валодзіна. – Увогуле каталізатарам да стварэння згаданай серыі стала наша знаёмства з М.Залатухам. Ён раз-пораз у сацыяльных сетках публікаваў сабраныя аўдыязапісы народных спеваў. Яны былі вельмі шчымлівымі і кранальнымі. Мікола Рыгоравіч дазволіў скарыстаць назапашаны матэрыял у навуковых мэтах. Яго архіў – сапраўдная народная энцыклапедыя адной вёскі. Тут фотаздымкі, замалёўкі, літара­турны матэрыял.

Дарэчы, на старонках М.Залатухі ў інтэрнэце гэтыя спевы прапанаваны ў свабодным доступе. Падобнай працай вядомы і Алесь Зайка, які займаўся малымі літаратурнымі жанрамі Івацэвіцкага раёна». Дарэчы, «Песні Велеўшчыны» – не толькі кніга, але і дыск, які прыкладаецца да выдання (падрыхтаваў Сяргей Лісіца). Спевы тут пададзены ў натуральным выглядзе. Сапраўдная разынка працы – творы ў стылі жорсткі раманс, якія даследчыкі савецкіх часоў ігнаравалі з-за быццам бы нізкай мастацкай якасці. Тут часам можа не быць рыфмы, збівацца паэтычны рытм, скрозь пануе трасянка, але такія творы звышэмацыянальныя, з інтымным кан­фліктам і асаблівай гаворкай, а таму вельмі каштоўныя.

На каго ж скіравана вы­данне? Вядома ж, яно будзе цікава фалькларыстам, этнографам, дыялектолагам. «Я цікаўлюся тым, хто набывае ў крамах ці выдавецтве падобныя кнігі. Аўдыторыя складваецца разнастайная. Але перш за ўсё гэта мастацкія калектывы, творцы, якіх могуць натхніць спевы, навучыць народным традыцыям выканання. Па нотах такога не зробіш», – акцэнтуе ўвагу Т.Валодзіна.

Яна прызнаецца, што сёлета працягвае збор матэрыялу, які тычыцца народнага лекавання. Не выключана, што напрацоўкі стануць фундаментам для новай навуковай кнігі. Ёсць ідэі стварыць выданне, прысвечанае штодзённаму жыццю беларускай жанчыны, а таксама хваробе каўтуну. Фальклорныя экспедыцыі могуць стаць апошняй магчымасцю занатаваць і захаваць абразчыкі народнай творчасці. А калі, як не ў Год малой радзімы, гэта рабіць з асаблівым плёнам?!

Сяргей ДУБОВІК