12.03.2018/№11

image

Падводныя археолагі працягваюць свае пошукі.

Пра новую экспедыцыю да замка Жабер на Берасцейшчыне і цікавыя знаходкі нам расказаў яе кіраўнік, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргей ЛІНЕВІЧ.

Да нашых часоў чатырохбасціённы замак князёў Вішнявецкіх не захаваўся – ён быў зруйнаваны шведскімі войскамі ў 1706 годзе. Але пляцоўка, дзе ён стаяў, з’ўляецца важным помнікам гісторыі і культуры Беларусі, а першыя археалагічныя даследаванні на ім былі праведзены яшчэ ў мінулым стагоддзі. Пачынаючы з 2015 года навукоўцы Інстытута гісторыі разам з дайверамі клуба «Марскі Пегас» рэгулярна праводзяць падводныя археалагічныя даследаванні на рэштках замкавых умацаванняў. Сёлета паднялі са дна рэчкі Ясельды тры марцірныя бомбы вагой да 50 кг. У сукупнасці з мінулымі знаходкамі ўжо атрымліваецца цікавая калекцыя з 11 такіх артэфактаў.

image

Сярод выбітных знаходак зімы 2018 года – штурмфал (завостраная паля для абароны замкавых валоў і рвоў), аналагаў якому немагчыма знайсці ў музеях Еўропы, а таксама рэшткі перакіднога маста. З багны паднялі абгарэлую цэглу і іншыя прадметы-сведкі часоў Паўночнай вайны. У чым каштоўнасць знаходак? «Цяпер мы можам не толькі разважаць пра тое, як выглядалі замкавыя штурмфалы і масты, але і пабачыць іх канструкцыю на канкрэтным прыкладзе, а пры жаданні, нават аднавіць іх на тэрыторыі іншых беларускіх замкаў. Калі будынкі з цэглы і камня захаваліся шмат дзе, то драўляныя канструкцыі з’яўляюцца ўнікальнымі і будуць выступаць пэўнай турыстычнай атракцыяй», – лічыць С.Ліневіч.

«Для работы ў ідэале нам патрэбны лёд таўшчынёй каля 20 см і тэмпература паветра не ніжэй за -1оС. А такія ўмовы склаліся ў гэтым годзе, нягледзячы на папярэджванні сіноптыкаў пра найхаладнейшую зіму стагоддзя, – кажа С.Ліневіч. – Таму, як паспрыяе надвор’е, будзем працягваць. Можа, нават, і круглы год. Спяшацца трэба і таму, што «чорныя капальнікі» добра ведаюць пра гэтае месца і не бяруць да ўвагі закон, які забараняе іх дзейнасць, працягваюць выкопваць артэфакты, знішчаючы каштоўны помнік. На месцы замка стаіць толькі ахоўная дошка!».

Нягледзячы на ўсе акалічнасці, гісторыкі плануюць знайсці тут унікальныя артэфакты, затопленыя пры знішчэнні замка і замкавага арсенала. Ёсць інфармацыя, што некаторыя з іх ужо былі вывезены ў замежжа, але большая частка, спадзяемся, яшчэ чакае даследчыкаў.

Пра аднаўленне Жаберскага замка сёння казаць рана – гэта справа патрабуе значных фінансавых укладанняў, якім павінна папярэднічаць маштабная праца археолагаў. На жаль, няма і планаў забудовы, інфармацыю гісторыкі збіраюць па крупінах. «Я лічу, што на месцы знаходжання замка ў перспектыве можна ладзіць гістарычныя фестывалі ці рэканструкцыі, а побач усталяваць музейныя павільёны ці археалагічную базу», – заўважае С.Ліневіч.

Нагадаем, замак Жабер увайшоў у гісторыю як адзін з надзейных абарончых цэнтраў княскага роду Дольскіх. Дзякуючы зручнаму месцазнаходжанню ён адначасова быў абаронены ракой і балотамі. Моцныя земляныя валы поруч з драўлянымі ўмацаваннямі маглі затрымаць ворага не на адзін тыдзень.

Паводле гістарычных крыніц, Карлу ХІІ для штурма замка прышлося нават выслаць з Пінска цяжкую артылерыю. У выніку фартэцыя была зруйнавана, будынкі спалены, а замкавы арсенал знішчаны.

Зараз вакол гісторыі замка існуе шэраг легенд, якія з вялікім задавальненнем распавядаюць мясцовыя жыхары. Найбольш цікавыя з іх – пра здраду каменданта замка, пра страчаную казну Вішнявецкіх і затопленыя ў Ясельдзе гарматы. Нягледзячы на гэты містычны арэол, археолагі працягваюць сваю працу. Хто ведае, можа частка гэтых легенд мае пад сабой рэальны падмурак? Нельга забываць пра тое, што пэўная колькасць дакладна вызначаных гістарычных фактаў распачыналася менавіта з паданняў мясцовых жыхароў.

go to site Сяргей ДУБОВІК, «Навука»

Спайс по закладкам омск Фота з архіва С.Ліневіча