19.02.2018/№8

image

Манаграфія «Паэтыка літаратурных сувязей» выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука».

Літаратурная кампаратывістыка – параўнальнае і супастаўляльнае вывучэнне літаратур – адзін з найбольш важных накірункаў сучаснай філалагічнай навукі. Беларускімі літаратуразнаўцамі вядзецца шматаспектная работа па вывучэнні ўзаемаўзбагачэння і ўзаемапранікнення нацыянальных літаратур, суадносін нацыянальна адметнага і агульнага, «свайго» і «чужога» ў сусветнай літаратурнай і культурнай прасторы.

Козельск купить MDPV Духоўныя карані

Выдавецкі дом «Беларуская навука» выпусціў калектыўную манаграфію «Паэтыка літаратурных сувязей» пад навуковай рэдакцыяй акадэміка НАН Беларусі Уладзіміра Гніламедава і Мікалая Мікуліча. Аўтары – У.Гніламедаў, М.Мікуліч, А.Вальчук, Н.Бахановіч, М.Трус, Ж.Шаладонава, П.Васючэнка, Т.Барысюк, С.Мінскевіч – «даследуюць канкрэтныя факты беларуска-еўрапейскіх літаратурных кантактаў і сувязей – сінхронных і дыяхронных, інтэгральных і дыферэнцыяльных, якім яны імкнуцца даць гісторыка-літаратурнае вытлумачэнне».

Так, у працы «Старажытная беларуская літаратура: нацыянальныя духоўныя карані», якая склала першы раздзел названай манаграфіі, У.Гніламедаў і М.Мікуліч падкрэсліваюць выключную важнасць, складанасць, шматграннасць і вострую дыскусійнасць пытання нацыянальнай свядомасці народа, г.зн. нацыянальнай самабытнасці, «абумоўленай тэрыторыяй, гісторыяй, мовай, духоўнай і матэрыяльнай культурай». Кіруючыся прынцыпам аб’ектыўнай навуковай ісціны, акрэсліўшы ўласны падыход да асвятлення праблемы – «Пра нацыянальную свядомасць трэба гаварыць па магчымасці больш канкрэтна, прадметна, доказна», – аўтары падрабязна асвятляюць аспекты этнічнага ўзроўню, прыроды, ландшафту, клімату, язычніцтва і хрысціянства, мовы, гісторыі, дзяржаўнасці беларусаў.

Другі раздзел «Этнакультурныя канцэпты ў беларуска-іспанскім літаратурным дыскурсе» напісаны Аленай Вальчук. Яна асвятляе асноўныя вехі і асаблівасці гісторыі беларуска-іспанскіх дзяржаўных, культурна-літаратурных узаемасувязей XV – пачатку ХХІ ст., якія складваліся і працягваюцца сёння ў напрамку ўзаемапазнання.

Наталля Бахановіч, аўтар трэцяга раздзела «Польскамоўная проза Беларусі ХІХ ст. у еўрапейскім літаратурным кантэксце», выкарыстоўвае метадалогію вядомага беларускага кампаратывіста Уладзіміра Мархеля, які, даследуючы польска-беларускі літаратурны працэс ХІХ ст., аддаваў перавагу двухмоўным пісьменнікам, што адчувалі перспектыўнасць беларускамоўнага развіцця літаратуры таго часу. Асаблівай увагі заслугоўваюць меркаванні Н.Бахановіч аб неабходнасці пазбаўлення ад некаторых «літаратуразнаўчых стэрэатыпаў, напрыклад, аб моцнай «сялянскай» генетычнай аснове нашай прыгожай славеснасці (адпаведна і нашага народа, нацыі)».

here Культурная чыннасць

«Беларуская грамадска-культурная чыннасць у Еўропе міжваеннага перыяду» – так называецца даследаванне Мікалая Труса, змешчанае ў чацвёртым раздзеле манаграфіі. У Еўропе міжваенны перыяд (1920–1930-я гады) адзначыўся актыўным нацыянальным і дзяржаўным будаўніцтвам, рэалізацыяй разнастайных адукацыйных і культурна-асветніцкіх праектаў, пошукам новых вобразна-выяўленчых форм у мастацтве і літаратуры. Увага М.Труса скіравана перадусім на беларускую нацыянальную прысутнасць у Чэхаславакіі і Латвіі. Даследчык акцэнтуе ўвагу на прадстаўнічасці беларускай грамады ў Еўропе міжваеннага перыяду, пераемнасці адраджэнскіх традыцый і на формах нацыянальнага самавыяўлення.

Наступны раздзел змяшчае даследаванне Жанны Шаладонавай «Мастацка-вобразная парадыгма хранатопа ў беларускай і ўкраінскай паэзіі першай паловы ХХ ст.» Зыходзячы з таго, што «мастацкая карціна свету, прадстаўленая пісьменнікамі ў катэгорыях прасторы і часу, адлюстроўвае сутнасць, логіку і дыялектыку жыцця» і «навакольны свет з’яўляецца важнейшым модусам чалавечага існавання», даследчыца аналізуе спецыфіку мастацка-вобразнага ўвасаблення антрапагенных і прыродных разнавіднасцей хранатопа на матэрыяле беларускай і ўкраінскай паэзіі адзначанага перыяду.

Нацыянальныя вобразы

«Беларуская экалітаратура на фоне еўрапейскага літаратурнага працэсу» – праца Пятра Васючэнкі, прадстаўленая ў манаграфіі. Літаратуразнаўца раскрывае паняцце экалагічнага імператыву як асноўнага чынніка экалагічнага мыслення, вылучае праявы экалагічнага мыслення і паказвае яго эвалюцыю ў міфалогіі, фальклоры і беларускай літаратуры. Даследчыкам праводзяцца літаратурныя паралелі, якія даюць падставы для важных у галіне літаратуразнаўства высноў і абагульненняў. У прыватнасці, П.Васючэнка адзначае ў экалітаратуры ХІХ ст. крышталізацыю «трох ключавых архетыпаў: Дому (асяродка чалавека), Саду (акультуранай прыроды) і Лесу (асяродка дзікай прыроды)».

Яшчэ адзін раздзел складае навуковая работа Таццяны Барысюк «Нацыянальныя вобразы свету і чалавека ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі». Даследчыца раскрывае разуменне «свайго» ў якасці фактару нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, «чужога» як фактару іншанацыянальнай ідэнтыфікацыі, звяртае ўвагу на этнаментальны аспект феномена кахання, сакралізацыю роднай мовы, глыбіню света- і нацыяспасцігальнай думкі беларусаў і рускіх, і інш.

Завяршае манаграфію праца Сержа Мінскевіча «Еўрапейскі санет у беларускіх перакладах». У цэнтры ўвагі – генезіс і функцыянаванне санета ў літаратурным працэсе, прынцыпы і крытэрыі адэкватнага перакладу. Разам з тым, С.Мінскевіч пры дапамозе дэкартавай сістэмы каардынат выяўляе амплітуду эквіленіарных, эквірытмічных, эквіартыстычных і семантычна-сэнсавых адпаведнікаў, прапанаваных перакладчыкам, паказвае змены, пераходныя з’явы і развіццё версіфікацыйнай сістэмы Беларусі з XVII да пачатку ХХІ ст. Праведзенае даследаванне дазволіла С.Мінскевічу сцвярджаць: «Санетарыі паэтаў сусветнай літаратуры праз пераклады карэлююць з уласнай творчасцю іншамоўных аўтараў, стымулююць нацыянальны літаратурны працэс».

Наталля ЯКАВЕНКА