26.12.2017/№52

image

Да 80-годдзя акадэміка Уладзіміра ГНІЛАМЕДАВА

26 снежня спаўняецца 80 гадоў выдатнаму беларускаму пісьменніку і літаратуразнаўцу, акадэміку НАН Беларусі Уладзіміру Гніламедаву.

Нарадзіўся Уладзімір Васі­льевіч у вёсцы Кругель Камянецкага раёна ў сялянскай сям’і. Закончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна (1959). Служыў у Савецкай Арміі, знахо­дзіўся на педагагічнай працы. Пасля закончыў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1965) і быў залічаны яго навуковым супрацоў­нікам. Пазней працаваў інструк­тарам, загадчыкам сектара мас­тацкай літаратуры ЦК КПБ (1969–1976), намеснікам дырэктара (1976–1997) і дырэктарам (1997–2006) інстытута. Сёння ён – галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Сфера навуковых даследа­ванняў акадэміка Гніламедава – гісторыя, тэорыя і метадалогія беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 1000 літаратуразнаўчых работ. Яны прысвечаны вывучэнню складаных праблем гісторыі беларускай нацыянальнай літаратуры і ўражваюць багаццем факталагічнага зместу, смеласцю і арыгінальнасцю тэа­рэтыка-метадалагічнага мыслення, аналітычным асэнсаваннем ідэйна-мастацкіх з’яў, падкрэсленай важкасцю ацэнак і заклю­чэнняў.

У.Гніламедаў – аўтар раманаў «Уліс з Прускі» (2006), «Расія» (2007), «Вяртанне» (2008), «Валошкі на мяжы» (2014), «Вайна» (2014) і іншых, у якіх выявіў гісторыю жыцця беларускага народа на скразняках самага складанага і супярэ­члівага ХХ стагоддзя – стагоддзя рэвалюцый і войнаў, шматлікіх грамадска-сацыяльных ката­клізмаў, змен і пераўтварэ­н­няў.

У.Гніламедаў з’яўляецца лаўрэатам прэміі Саюза пісьмен­нікаў Беларусі імя Уладзіміра Калесніка (1996), прэміі НАН Беларусі (2005). Ён узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.

***

У.Гніламедаў – надзвычай цікавая, самабытная, харызматычная і каларытная асоба на ніве айчыннай гуманітарыстыкі і культуры. «Маральны прынцып падказвае мне: не рабі іншаму чагосьці такога, чаго не пажадаў бы сабе. Гэта важна, цераз гэты прынцып пераступаць нельга, – адзначае сам Уладзімір Васіль­евіч і працягвае: – Эмацыйны свет чалавека складаецца, як вядома, са станоўчых эмоцый і адмоўных. Адмоўныя – гэта шматстайныя эмоцыі насілля ці дэпрэсіі: эгаізм, жаласлівасць да сябе, гнеў, падазронасць, баязлівасць, страх, злосць, зайздрасць, раздражняльнасць, прыкрасць, сум, маркота, недавер, рэўнасць, жорсткасць і інш.

Адмоўныя эмоцыі – прыкмета слабасці чалавека, дурнога нораву і няздольнасці трымаць пры сабе свае крыўды. Трэба супрацьстаяць ім. Адмоў­ныя эмоцыі адыгрываюць у нашым жыцці жахлівую ролю – разбуральную. Аніякай карысці ад іх. Яны не дапамагаюць нам арыентавацца, не даюць аніякіх ведаў, не накіроўваюць нас колькі-небудзь разумным чынам. Наадварот, атручваюць асалоду ад жыцця, робяць яго цяжкай ношай і вельмі ўпірліва стаяць на шляху нашага магчымага развіцця.

Прыгадаю таксама тры варла­маўскія запаведзі: «не вер, не бойся, не прасі». Добра сказана! Чалавек павінен кантраляваць свае думкі і ўчынкі, надаваць ім канструктыўны напрамак.

Калісьці я назваў зборнік сваіх літаратурна-крытычных артыкулаў «Як само жыццё». Падказаў Алесь Разанаў, ён быў рэдактарам зборніка і заўважыў мой ідэйна-эстэтычны прынцып, заарыентаваны на повязь з жыццём як крыніцай майго метаду і светапогляду. Я не лічу, што паэтыка паказу жыцця «ў формах жыцця» цяпер «адпачывае», што прызнаюцца толькі ўмоўныя формы. Арсенал рэалізму багаты на выяўле­нчыя формы і сродкі».

Цікавы і погляд акадэміка на развіццё сучаснай літаратуры: «У ёй няма безумоўных аўтарытэтаў. Можа, гэта і добра. Я за літара­туру, якая дапамагае асэнсаваць рэальнасць. Нялёгка сёння быць пісьменнікам, бо ў жыцці і ў мастацтве адбываецца рэлятывацыя Дабра і Зла – іх неадрозненне, змяшэнне і, урэшце, апраўданне. Чалавек, жадаючы дабра, творыць зло. Што такое гуманізм? Адказаць на гэтае пытанне асабліва не проста. А пісьменнік па вызначэнні павінен адказваць і адказаць. З гэтым пытаннем звязана яго грамадская прырода.

Работа – найлепшы спосаб мець асалоду ад жыцця, але шмат залежыць таксама ад збегу абставін. Навуковая парадыгма зараз паступова мяняецца. Літаратурную навуку рухае наперад новае пакаленне, звязанае з новымі павевамі часу, з новымі дзяржаўнымі задачамі.

У сучасных умовах чалавеку цяжка, і найважнейшым сродкам выратавання асобы стано­віцца далучэнне яе да вытокаў роднай культуры, разуменне небяспекі страты культурнай ідэнтычнасці, крытычныя адносіны да глабалі­зацыі.

Чалавек адказны за лёс Радзі­мы, яе культуры».

http://sk-rada.ru/comprehend/kupit-shishki-ulyanovsk.html Мікола МІКУЛІЧ, кандыдат філалагічных навук