22.08.2017/№34

image

Да 100-годдзя Пімена Панчанкі

Нарадзіўся П.Панчанка 23 жніўня 1917 года ў Таліне ў сям’і рабочага. У 1934-м закончыў педагагічныя курсы ў Бабруйску, пасля – філалагічны факультэт Мінскага настаўніцкага інстытута (1939). Прымаў удзел у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Працаваў настаўнікам, у рэдакцыях часопіса «Вожык», газеты «Літаратура і мастацтва», галоўным рэдактарам часопісаў «Советская Отчизна» (цяпер «Нёман», 1954–1958), «Маладосць» (1958–1966), сакратаром праўлення СП БССР (1966–1971). У складзе дэлегацыі БССР у 1958 годзе прымаў удзел у рабоце ХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1957–1967), (1971–1975). Памёр 2 красавіка 1995 года.

Пімен Панчанка – адзін з буйных беларускіх паэтаў XX стагоддзя. Яго творчасць прасякнута гарачлівымі мастакоўскімі шуканнямі, ненатольнымі эмоцыямі і пачуццямі, імкненнем да высокіх ідэалаў і сумненнямі ў іх, адчуваннем шматгалосся жыцця і яго вострых супярэчнасцей. Пра Панчанку смела можна сказаць, што ён – сын сваёй эпохі і адначасова яе апанент.

На працягу свайго жыцця паэт быў у неадназначных адносінах з дзяржаўнай уладай, але меў пачэснае званне народнага паэта Беларусі (1973), з’яўляўся Ганаровым членам АН Беларусі (1994), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1981, за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок?»), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Купалы (1968, за зборнік вершаў «Пры святле маланак»), Літаратурнай прэміі імя Я.Купалы (1959, за паэму «Патрыятычная песня»).

У першых вершах цяжка пазнаць будучага няўрымслівага, палемічнага, філасофска-публіцыстычнага П.Панчанку, якім ён стаў пазней. Паэт не выходзіць за межы традыцыйнай паэтыкі. Аднак ужо ў некаторых даваенных рэчах («Пра смерць», «Беластоцкія вітрыны» і інш.) ён быццам бы хоча пашырыць абсягі маналагічнасці, шукае шляхі да поліфанічнасці стылю, што мог бы зблізіць з жыццём і яго супярэчнасцямі, з рознымі пунктамі гледжання.

У суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны слова Панчанкі дасягнула высокага грамадзянскага ўздыму і лірычнай праніклівасці. У яго перажываннях арганічна спалучыліся любоў і нянавісць. Літаратурная прадукцыя паэта-франтавіка вельмі разнастайная: публіцыстычныя і сатырычныя вершы, фельетоны, артыкулы, нарысы. Многія з яго ваенных вершаў распаўсюджваліся на часова акупаванай ворагам Беларусі як лістоўкі. Іх і цяпер можна сустрэць у музеях Вялікай Айчыннай вайны. П.Панчанку давялося ваяваць на чатырох франтах: Заходнім, Бранскім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім, а Дзень Перамогі сустракаць ажно ў Іране, куды ён нечакана трапіў разам са штабам арміі і рэдакцыяй франтавой газеты, у якой служыў, на пачатку 1944 года. Усё гэта яскрава адлюстравана ў яго творчасці.

Пасляваенная паэзія П.Панчанкі вельмі разнастайная з тэматычнага боку: ён услаўляе стваральную дзейнасць савецкага народа, барацьбу за мір, выкрывае падпальшчыкаў новай вайны, імкнецца паказаць шматгранны вобраз Радзімы. У Панчанкі адна за другой выходзяць кнігі «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950). Не жадаючы адстаць ад імклівага часу, паэт даволі аператыўна адгукаўся на розныя даты, юбілеі, але, імкнучыся адлюстраваць з’явы рэчаіснасці, не заўсёды мог улавіць глыбінную, шматгранную сувязь часу і чалавека, знайсці тое, што звязвае справу чалавека з яго душэўным самаадчуваннем, слова з учынкам, «грамадзянскае» з «маральным», «інтымным». Тым не менш у цэлым яго паэзія шмат у якіх момантах разышлася з праўдай жыцця і з тым «чалавечым вымярэннем», якое складае яго гуманістычную сутнасць. У многіх вершах аўтар выдаваў жаданае за рэальнае.

Сярэдзіна 1950-х гадоў адзначана спробай дэмакратычнага абнаўлення грамадства. Але ідэалагічная ангажаванасць і вера ў камунізм не пахіснуліся. Ленінскія ідэі ў тагачаснай творчасці Панчанкі былі спалучаны з традыцыйнымі каштоўнасцямі народнага быцця, і гэтую спалучанасць ён высока цаніў і правяраў ёю рэальны змест грамадскага жыцця. Паўставала аднак неадчэпнае пытанне: хто ж вінаваты ў памылках і недахопах, у парушэннях так званай рэвалюцыйнай законнасці? Ён і тады, і пазней быў упэўнены, што ёсць сапраўдныя савецкія людзі, а побач «мноства абывацеляў, здзірцаў, якія дбаюць толькі аб чынах, пасадах, грошах, машынах, дачах, уладзе ды салодкім жыцці…».

У 1960-х мастацкі свет паэта набывае рысы плюралізму, чаго яму раней неставала, – шматколернасць, своеасаблівы поліфанізм, шматсэнсавасць. З гэтай прычыны не ўсё, што выходзіла з-пад пяра, адразу трапляла ў друк. Яго тагачасная паэзія становіцца ўсё больш спавядальнай і аналітычнай. Філасафічнасць прыйшла да Панчанкі з узростам – у 1967 годзе ён адзначыў сваё пяцідзесяцігоддзе. Яго радок становіцца больш і больш удумлівым: у вершах адбіваецца роздум над сэнсам жыцця і часам.

З біяграфіі творцы вядома, што яго дзяцінства прайшло на мілай сэрцу Бягомльшчыне, на лясным улонні. Адсюль бярэ выток вобраз «сваёй баравіны», які ўзнікае ў яго паэзіі ў 1970-я гады. Пасля дзясяткаў твораў аб малой радзіме і дзяцінстве вершы Панчанкі захапляюць чытача новым пунктам гледжання, свежым паваротам тэмы, выклікаюць нечаканыя асацыяцыі. Перамога над прыродай, на думку паэта, вядзе да адмаўлення жыцця, паэзіі, да іх знішчэння. Тэму гарманічнасці чалавека і прыроды, пераадолення адчужанасці ён развівае на многіх старонках сваіх паэтычных кніг 1970–1980-х гадоў і ў дзённікавых запісах.

Творчая эвалюцыя Панчанкі – прыклад таго, як разам з часам развівалася творчая самастойнасць мастака, як ён усё глыбей авалодваў думкай пра неабходнасць сувязі ідэалу з жыццём, прагрэсу з гуманізмам.

Што аднак не здраджвае паэту – гэта любоў да жыцця ва ўсіх яго праявах, да роднай прыроды і побыту. Адметнымі паэтычнымі з’явамі пачатку 1980-х гадоў у гэтым сэнсе сталі зборнікі «Маўклівая малітва» (1981), «Сіні ранак» (1984), у якіх ён падвойвае і патройвае свае намаганні прарвацца праз наслаенні лжывасці, хлусні, казёншчыны, спажывецтва, прыстасавальніцтва і зноў далучыцца да першаснай і ўстойлівай чалавечай прыроды.

Знешне яго вершаваныя формы выглядаюць традыцыйна, але гэта толькі на першы погляд. Асаблівасці мастацкай формы строга падначалены змястоўным задачам. Лірычнае дзеянне падкрэсліваецца і ўзмацняецца сродкамі гнуткай, выразнай і надзвычай актыўнай паэтыкі. Незвычайная моўная экспрэсіўнасць выклікана дынамікай думкі і эмоцый, ледзь улоўнымі імгненнымі пераходамі аднаго пачуцця ў іншае, глыбокім лірызмам. Пейзаж з уласцівымі для яго дэталямі дае адчуванне бязмежнасці жыцця, якое далёка выходзіць за рамкі вершаванага тэксту. Характэрная паэту ўнутраная палемічнасць у гэты час нечым аддалена нагадвае Дастаеўскага.

З сярэдзіны 1980-х гадоў пачаўся перыяд перабудовы. Кнігі Панчанкі напаўняюцца галасамі самога жыцця, да бясконцасці, як аказваецца, разнастайнага, складанага і зменлівага. Да перабудовы паэт паставіўся, здаецца, шчыра, але, як гэта здаралася з ім часам і раней, надта паспешліва.

З апошніх кніг П.Панчанкі варта адзначыць «Высокі бераг» (1993) і «Зямля ў мяне адна» (1996). У іх таксама бурліць дух эпохі. На старонках гэтых кніг створаны тыповы вобраз сучасніка, з яго настроямі, перажываннямі, якія ўрэшце і выяўляюць светаўспрыманне і светаадчуванне. Паэт як бы расцугляў словы і выпусціў іх на волю, з жахам зразумеўшы, што свет заблытаўся, што ўсе ідэі перажываюць дэвальвацыю. Але адна з іх не адпускала яго да канца жыцця. Гэта ідэя нацыянальнага адраджэння, якая стукалася ў паэзію Панчанкі многімі тэмамі і матывамі яго творчасці, у тым ліку і тэмай духоўнай экалогіі, абароны і захавання роднай мовы і культуры.

Надыходзіла старасць, жыццё няўмольна набліжалася да сваёй «апошняй вярсты», і такая перспектыва аптымізму не дабаўляла. Аднак сум вынікаў не толькі з прадчування «апошняй вярсты» – была яшчэ і другая крыніца для мінорнага настрою. У абліччы свабоды ён убачыў не толькі жыццядзейныя, шматабяцальныя рысы, але і жорсткасць, усёдазволенасць.

Спадчына, якую пакінуў пасля сябе П.Панчанка, нераўнацэнная ў ідэйна-мастацкіх адносінах. Нешта ўжо сёння ўспрымаецца як дакумент свайго часу, аднак большасць з твораў застанецца каштоўным духоўна-эстэтычным набыткам для будучых пакаленняў.

http://www.allinsportsoutreach.org/demo/skolko-spirtav-muravinom-spirte.html сколько спиртав муравьином спирте Уладзімір ГНІЛАМЁДАЎ, акадэмік НАН Беларусі

1 га сколько км2 калькулятор Мікола МІКУЛІЧ, кандыдат філалагічных навук