07.08.2017/№32

image

Свет адзначае 215-ю гадавіну Ігнація Дамейкі – вядомага вучонага, ліцвіна, кім ён лічыў сябе ўсё жыццё.

У дзень нараджэння Дамейкі – 31 ліпеня – у НАН Беларусі распачалася прымеркаваная да яго юбілею Міжнародная навуковая канферэнцыя «Геалогія і мінеральна-сыравінныя рэсурсы захаду ўсходне-еўрапейскай платформы: праблемы вывучэння і рацыянальнага выкарыстання».

Адкрываючы форум, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў звярнуўся да насычанай падзеямі біяграфіі нашага земляка. Ігнацій Іпалітавіч нарадзіўся ў стагоддзе Дастаеўскага і Тургенева ў маёнтку Мядзведка Наваградскага павета (Карэліцкі раён). Шляхецкая сям’я гадавала дзяцей на асветніцкіх ідэалах Вялікага Княства Літоўскага. Нягледзячы на паходжанне, малады чалавек валодаў і «простай» бела­рускай мовай. Скончыў калегію ў Шчучыне, у 14 гадоў паступіў на аддзяленне фізікі і матэматыкі Віленскага ўнівер­сітэта, дзе пазнаё­міўся з Ада­мам Міц­кевічам, Янам Чачотам і Тамашом Занам. Ужо ў 15 гадоў атрымаў сту­пень кан­дыдата філасофіі. Пасля паўстання 1830–1831 гадоў вучыўся ў Францыі і, атры­маўшы дыплом горнага інжы­нера, з’ехаў у Чылі, дзе і набыў сусветную вядомасць прагнага да ведаў навукоўца. Як першапраходзец Дамейка вывучаў абарыгенаў Паўднёвай Амерыкі. Як асветнік і арганізатар ён стварыў метэаралагічную службу ў Сант’яга-дэ-Чылі, стаў рэктарам Чылійскага ўніверсітэта. Як геолаг і географ вучоны ажыццяўляў мінерала­гічныя даследаванні, правёў шэсць экспедыцый у Анды і Кардыльеры, дзе былі адкрыты радовішчы срэбра, медзі, золата, каменнага вугалю, вядомай ва ўсім свеце чылійскай салетры. Склаў геаграфічную, геалагічную і эканамічную карты былых земляў Рэчы Паспалітай. Імя І.Дамейкі носяць вулканічны ланцуг у Андах, мінерал, кветка, горад, універсітэт, вуліцы і нават планета.

Суадносна з міждысцыплінарнасцю ведаў І.Дамейкі было шырокім і кола пытанняў, якія абмяркоўвалі ака­дэмічныя вучоныя ў межах канфе­рэнцыі. На наступны пасля адкрыцця дзень форум разгалінаваўся на гістарычны і геалагічны напрамкі. Удзельнікі секцыі ў Інстытуце гісторыі, сярод якіх былі масквічы, абмяркоўвалі жыццё і дзейнасць І.Дамейкі і даследаванні тых часоў. Уздымалася пытанне паўстання 1830–1831 гадоў у люстэрку расійскай прапаганды, роля рэлігіі ў жыцці вучонага Дамейкі. Прадстаўніца БДУ расказала пра гаспадарчую дзейнасць лідскай шляхты. Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі прадставілі звесткі і дакументы да біяграфіі І.Дамейкі. Цытаваліся мемуары і перапіска вучонага, што захаваліся ў вялікім аб’ёме па ўсім свеце. Асобным пы­таннем секцыі быў Навагрудак часоў Адама Міцкевіча і Ігнація Дамейкі.

На секцыі геолагаў абмяркоўвалі сейсматэктанічную актыўнасць заходняй часткі ўсходне-еўрапейскай платформы, экалагічныя распрацоўкі з адходаў гранітоідных парод, тэктона-геафізічныя паясы і руданоснасць фундамента Беларусі, праблемы рацыянальнага выкарыстання тарфяных рэсурсаў у Расіі і г.д.

У ХІХ стагоддзі закладваўся падмурак сучаснай геалогіі. Без­умоўна, навука з часоў І.Дамейкі зрабіла вялікі крок наперад. Сярод тэндэнцый дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Аляксандр Карабанаў адзначыў, што на месца пошукава-разведвальнай геалогіі прыходзіць экалогія геалогіі.

Апроч навуковай канферэнцыі ў НАН Беларусі да 215-годдзя І.Дамейкі прымеркавана запланаваная выстава архіваў, лістоў і мінералаў І.Дамейкі з музея Горнай школы Парыжа, дзе ён навучаўся ў 1834–1837 гадах. Калекцыя мінералаў вучонага складала больш за 400 узораў.

А ў Міністэрстве замеж­ных спраў 31 ліпеня прэзентавалі беларускі пераклад кнігі «Ігнат Дамейка: з Мядзведкі – у Сант’яга-дэ-Чылі», якую раней на іспанскай мове выдала яго праўнучка Пас Дамейка. Акрамя яе на ўрачыстасць у Беларусь і на акадэмічную канферэнцыю прыехалі іншыя праўнукі і адзін прапраўнук І.Дамейкі з Чылі, ЗША і Аўстраліі. Па словах Пас Дамейкі, заха­вальніцы спадчыны прадзеда, у наш час жыве ўжо чацвёртае пакаленне Дамейкаў. Род вельмі рэлігійны, і таму дзяцей многа. У самой П.Дамейкі пяцёра дачок, а ўсяго ў свеце жыве каля 200 нашчадкаў вялікага вучо­нага. Прыкладна сотня з іх – у Чылі. А вось сярод еўрапейцаў Дамейкаў, на жаль, не засталося.

Напрыканцы жыцця І.Дамейка завітаў на радзіму пакланіцца сваім мясцінам. Яго нашчадкі таксама правялі ў Беларусі некалькі дзён. У нашай краіне сямнаццаць геагра­фічных аб’ектаў, так ці інакш звязаных з І.Дамейкам. Экскурсія ж завітала ў галоўныя з іх – Карэлічы, Навагрудак, Ліду, Дзятлава і Шчучын. Сярод новых прапанаваных праектаў – аднаўленне сядзібы І.Дамейкі ў Мядзведцы.

Алена ЕРМАЛОВІЧ Фота аўтара, «Навука», і з інтэрнэту