16.05.2016/№20
Фонд БелСХБ змяшчае інфармацыю пра ўсе аспекты развіцця сельскай гаспадаркі на сённяшнім этапе.
Гэтыя кнігі з’яўляюцца неацэннай крыніцай ведаў пра развіццё аграрнай навукі. Але асаблівае месца ў фондзе займаюць так званыя рэдкія і малатыражныя кнігі. Яны захоўваюцца ў раздзеле «Аграрная кніга XIX – пачатку XX ст.» і расказваюць пра велізарную працу, якую правяло чалавецтва, каб слова «голад» засталося толькі ў межах філалогіі, а не стала рэаліямі нашага жыцця. Адным з самых цікавых масіваў дакументаў, звязаных з гісторыяй сельскай гаспадаркі Беларусі, з’яўляюцца выданні, прысвечаныя нашай галоўнай сельскагаспадарчай культуры – бульбе. У іх прасочваецца стан развіцця бульбаводства і стаўленне сялян да гэтай культуры напрыканцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя.
Адной з цікавых кніг па гэтай тэме з’яўляецца выданне «Бульба» А.Дзямідовіча 1928 года.
Ужо тады для аўтара не выклікала сумневаў роля бульбы. Нездарма, як ён піша, «беларускіх сялян клічуць «бульбянікамі», але мянушку «бульбашы» займелі ўсе беларусы. Галоўнай праблемай тагачаснай навукі была якасць і ўраджайнасць бульбы, відаць, некаторыя праблемы прараслі каранямі глыбей, чым мы думаем. У тагачаснай БССР (1927) ураджайнасць сапраўды была невялікая: «524 пуда з дзезяціны». Гэта каля 83 цэнтнераў з гектара. Напрыклад, на 2014 год ураджайнасць у Беларусі была 204,1 ц/га.
Як сродак харчавання і кармавая культура бульба ўжо вядома, таму кніга прапануе новыя спосабы яе выкарыстання. Напрыклад, для вытворчасці «сьпірытусу» бульба сёння амаль не выкарыстоўваецца. На той жа час «69,89 процантаў – працавалі на бульбе», але з-за недахопу сыравіны ўсё часцей выкарыстоўвалася «Каўказская кукуруза». Як бачым, з часам залежнасць Беларусі ад бульбы ў некаторых галінах зменшылася, і вельмі значна.
Аўтар выдання асабліва падкрэслівае праблему, што «сяляне, таксама загадчыкі саўгасаў, ня надта знаюццца на гатункі бульбы, таму сярэдняе бульбяное поле заселена звычайна звыш трыццаці гатункаў»; рэкардсменамі лічыліся полацкія палі, на якіх было зафіксавана змяшэнне «шасцідзесяці гатункаў». Сітуацыю са змешваннем сартоў не маглі выправіць вельмі доўга. Да канца 90-х у вёсцы пераважала мешаніна сартоў.
Якія ж сарты бульбы пераважалі ў той час, запытаецеся вы. Ці пакінула памяць народа якія-небудзь звесткі пра іх? Самым старым вывучаным на той час быў сорт Букса. Аўтар не можа дакладна вызначыць яго паходжанне і радзіму. Бо само слова «букса», безумоўна, з’яўляецца германізмам, але перанятым аж у XVI ст. Яно мела шырокае ўжыванне для абазначэння бляшанай скрыні (звычайна «капілкі» багаццяў). Гэты сорт лічыўся экзотыкай.
Асноўны масіў бульбяных палеткаў складаў Вольтман – асноўны сорт БССР, значна распаўсюджаны ў раёнах бровараў «заводскі гатунак, з высокім процантам крухмалу. Слаба поддаецца хваробам. У ежу зусім нясмачны, цвёрды, кепска разварваецца і чарнее». Нягледзячы на відавочна тэхнічны статус, Вольтман вельмі шырока выкарыстоўваўся ў ежу, у некаторых месцах пасевы гэтага сорту займалі да 80%. Рабіў сваю справу вялікі памер клубня, і гэта нягледзячы на тое, што ў асобных месцах да 100% пасеву хварэла на фітафтору (улічваючы заяўленую трываласць). Вольтман меў шмат падсартоў (Грацыя, Несцер, Дабер, Герой і інш.)
Другім па папулярнасці быў сорт «Сілезія – вельмі позьні заводскі гатунак, выведзены ў 1895 годзе». Гэты сорт ужо мае прыемны смак і добра захоўваецца. Так, важная для тых часоў крухмальнасць не высокая, але вышэй за сярэднюю. Сорт таксама карыстаўся папулярнасцю ў бровараў. Гэта відаць і па назвах – адным з самых распаўсюджаных падсартоў называўся Алькаголь).
Сартоў, як і сёння, было шмат: Мэркер, Свіцязь, Кругер, Ранні Ружовы. Сорт народнай селекцыі Рублёўка цікавы тым, што яго аўтарства не прызнаваў ніводны цэнтр бульбаводства Беларусі. Між тым, ён прызнаваўся адным з самых смачных і даволі вялікім. Месцам яго выкарыстання была Аршанская акруга.
Як бачым, структура сартоў змянілася вельмі моцна. І сёння хіба што старажылы згадаюць пералічаныя найменні. Кніга змяшчае яшчэ шмат цікавых і карысных ведаў па бульбаводстве: агляд бульбяных захворванняў (асноўнае, зразумела, фітафтора), парады па агракультуры. Аўтар з адчаем зазначае, што сяляне ўпэўнены (дарэчы, як і некаторыя дачнікі сёння): бульбу трэба садзіць як мага шчыльней, што, безумоўна, не так. Сярод парад па механізацыі чаго каштуе толькі «ўючная палівалка», якая стала папулярнай толькі з развіццём тэхнікі, і шмат іншага. Такім чынам, вывучэнне рэдкіх кніг нават неглыбокай даўніны можа быць не толькі цікавым, але і карысным чытаннем для сучасных беларусаў.
Дзмітрый БАБАРЫКА,
загадчык аддзела персанальнага абслугоўвання і маркетынгу
Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі