14.03.2016/№11

image

Маладосць і пачатак творчасці Кандрата Крапівы выпалі на час станаўлення савецкай Беларусі.

Нацыя, мова, літаратура, драматургія – частка тых складнікаў нашай сучаснасці, якія фарміравалі Крапіва і яго паплечнікі. Без іх сёння ўжо нельга ўявіць Беларусь ХХІ стагоддзя.

У сакавіку 2016 года споўнілася б 120 гадоў беларускаму пісьменніку, паэту, сатырыку, драматургу, перакладчыку, грамадскаму дзеячу і літаратуразнаўцу, акадэміку Кандрату Атраховічу – «пякучцы-крапіве» беларускай літаратуры.

 

image

Яго дзейнасць і ўплыў на беларускую рэчаіснасць, а таксама погляд на сучасную літаратуру сталі асноўнымі тэмамі міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуская літаратура ў культурнай прасторы сучаснага грамадства», праведзенай 3-4 сакавіка Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы – філіялам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

image

 

Мерапрыемства, дзе былі таксама прадстаўнікі Украіны і Польшчы, адзначылася дакладамі каля 130 выступоўцаў. Адметна, што ў канферэнцыі прымалі ўдзел і родныя К.Крапівы. Многа цікавага пра жыццё са знакамітым свёкрам расказала яго нявестка Зоя Атраховіч. Яна даглядала яго да самай смерці. Пражыўшы ў доме Атраховічаў больш за 40 гадоў, яна і сёння з пашанай успамінае цеплыню гэтай сям’і, а таксама, у прыватнасці, як упершыню пабачыла любімую Крапівой друкарскую машынку.

 

image

Унучка Алена Атраховіч нясе грамадскую адказнасць па захаванні памяці і спадчыны акадэміка і пісьменніка. Сваё паведамленне яна прысвяціла жанчынам у жыцці славутага дзядулі, у якім акрэсліла ў тым ліку рамантычны эпізод пра яго першае каханне.

Удзельнікі канферэнцыі працавалі традыцыйна па секцыях, дзе разглядалі жанрава-стылёвыя пошукі беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў, праблему пісьменніцкага майстэрства ў творах сучасных аўтараў, актуальныя праблемы мовазнаўства, творчасць Кандрата Крапівы ў сучаснай інфармацыйнай прасторы, навуковую і грамадскую дзейнасць акадэміка Атраховіча і іншыя пытанні.

image

Крапіва быў рознабаковым творцам. Калі ўмоўна падзяліць яго працу на літаратурную і навуковую (а таксама навукова-арганізацыйную) і казаць пра Крапіву-творцу, мы маем справу з галоўным беларускім баечнікам і байкапісцам. Неспакойным часам былі 20–30-я гады мінулага стагоддзя, калі, кажучы словамі рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Рычарда Смольскага, «некаторыя кіруючыя асобы ў галіне мастацтва і літаратуры, толькі пачуўшы слова сатыра, «дрыжэлі» і аглядваліся па баках».

Спазнаўшы прыхільнасць улад, К.Крапіва ўсё роўна балансаваў сваёй сатырай на тонкай грані дазволу. Гэта быў чалавек і грамадзянін, які ішоў сваім новым шляхам і не мог інакш. Яскравым прыкладам такога служэння стаў яго зыход 26 мая 1926 года з паспяховага «Маладняка» і ўтварэнне з групай пісьменнікаў новага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Узвышша» на чале з К.Чорным. Група абвясціла стварэнне літаратуры, якую «ўбачаць часы і народы». Члены аб’яднання імкнуліся да развіцця жанраў беларускай літаратуры, узбагачэння мовы і стыляў, яны падымалі ў параўнанні з «маладнякоўцамі» культуру пісьма. Тут, дарэчы, частка адказу пра тое, чаму імя К.Крапівы гістарычна звязана з Інстытутам мастацтвазнаўства: накіраванасць на беларускі фальклор, зварот да сваіх каранёў быў характэрны для гэтых маладых людзей з высокімі мэтамі.

Такія, як Крапіва, бачылі станаўленне нацыі поруч з нараджэннем нацыянальнай драматургіі, з непаўторнай літаратурнай мовай. Так ад баек і апавяданняў ён перайшоў да твораў для сцэны. Усе п’есы К.Крапівы, за выключэннем гераічнай драмы «Проба агнём», першы практычны прагон заўсёды праходзілі на сцэне Купалаўскага тэатра. Драматургічны дэбют К.Крапівы ў БДТ-1 адбыўся з п’есай «Канец дружбы». Поспех натхніў аўтара на новыя пошукі ў самым складаным відзе літаратурнай творчасці. Менавіта ў гэты час Кандрат Крапіва па ўласнай ініцыятыве напісаў і прынёс у 1937 годзе ў тэатр новую п’есу «Партызаны». Шчыльнае супрацоўніцтва драматурга з тэатрам, безумоўна, узбагаціла Крапіву каштоўным літаратурным вопытам. Ён піша новы бліскучы «праект» пад простай і дасціпнай назвай «Хто смяецца апошнім». У няпростыя 30-я гады камедыя смела выкрывала цёмныя справы і старанна схаваныя душэўныя «закуточкі» кар’ерыстаў, прыстасаванцаў, ілжэвучоных, падхалімаў.

Але такі выклік тэорыі бесканфліктнасці тых часоў скончыўся забаронай твора да пастаноўкі на сцэне. Чытанні п’есы тагачасным маладым кіраўніком Купалаўскага тэатра Л.Рахленкам, які шчыра захапіўся камедыяй, заканчваліся адмовамі чыноўнікаў. Але твор атрымаў масавую грамадскую падтрымку і, нарэшце, дзякуючы прыхільнасці першага сакратара ЦК КПБ П.Панамарэнкі спектакль пабачыў сцэну. Больш за тое – выйшаў на міжнародны ўзровень. К.Крапіве як аўтару п’есы і акцёру Г.Глебаву за ролю Тулягі ў 1941 годзе была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. Беларуская навуковая глеба дала два выдатныя ўсходы – Коласа і Крапіву. Акрамя роднасных псеўданімаў збліжаюць іх і тэрміны віцэ-прэзідэнцтва ў АН БССР (27 гадоў у Коласа і 26 − у Крапівы). К.Атраховіч працаваў у Акадэміі навук з 1947 па 1989 год. За гэты час акрамя пасады віцэ-прэзідэнта ён працаваў загадчыкам сектара мовазнаўства Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва, дырэктарам Інстытута мовазнаўства, вядучым навуковым супрацоўнікам-кансультантам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

image

Як даследчык К.Атраховіч застаўся галоўным складальнікам тлумачальнага слоўніка беларускай мовы. З канца 1930-х гадоў поруч з сябрам П.Глебкам працаваў над стварэннем руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў.

Кажучы пра падмурак для такіх манументальных прац, член-карэспандэнт НАН Беларусі С.Лаўшук засведчыў аб тым, што гаворкі роднай для Крапівы Уздзеншчыны гістарычна сталі адной з асноўных крыніц беларускай літаратурнай мовы. Успамінаючы Кандрата Кандратавіча, С.Лаўшук згадаў пра яго як пра самародка, які жыў беларускай мовай; чалавека-практыка, які валодаў такім важным для навукі арганізатарскім талентам. Не абмяжоўваючы свабоды навукоўцаў, ён, аднак, чакаў сур’ёзных вынікаў.

image

З даследаваннямі С.Лаўшука тэмы «Крапіва і беларуская драматургія» можна пазнаёміцца праз новую працу вучонага «Праз церніі да брамы неўміручасці», якая пабачыла свет напачатку года ў Выдавецкім доме «Беларуская навука».

Сёння новая рэчаіснасць, новыя праблемы і выклікі. Улічваючы назапашаны беларускімі тэатрамі драматургічны вопыт, удзельнікі канферэнцыі прапанавалі арганізаваць і праводзіць раз на 5 гадоў Рэспубліканскі фестываль тэатральнага гумару і сатыры імя Кандрата Крапівы. А перад ім – літаратурны конкурс на найлепшую камедыю (заўжды камерцыйна паспяховы жанр), прызам у якім будзе дзяржаўная падтрымка ўвасаблення твора на сцэнах тэатраў. Гэта натхніла б рэжысёраў часцей звяртацца да багатай літаратурнай спадчыны ДунінаМарцінкевіча, Галубка, Купалы, Крапівы, Макаёнка і іншых беларускіх аўтараў камедыйных і сатырычных твораў.

image

Ёсць прапановы і па захаванні існуючай спадчыны К.Крапівы. Да канферэнцыі на базе Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я.Коласа ладзілася выстава, прысвечаная юбілею пісьменніка.

Але асобнага музея класіка няма, цяжка сабраць разам і адкрыць для людзей тысячы яго рукапісаў, фотаздымкаў, дакументаў і асабістых рэчаў, якія раскіданыя па дзяржаўных музеях, архівах. Таму сям’я Кандрата Кандратавіча выказвае ідэю стварыць музей віртуальны. Тады праз Інтэрнэт пра нашага славутага земляка будуць ведаць ва ўсім свеце.

image

А пакуль у любы куток можна адправіць выяву Кандрата Кандратавіча: да юбілею класіка «Белпошта» выпусціла канверт з арыгінальнай маркай і ілюстрацыяй да байкі «Дзед і баба».

Купить закладку Гашиш, печать «А» Москва Орехово-Борисово Южное Алена ЕРМАЛОВІЧ, «Навука»