14.03.2016/№11

image

Імя Аляксандра Аляксандравіча Кавалені, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі,

члена-карэспандэнта, доктара гістарычных навук, прафесара шырока вядома ў асяроддзі вучоных, педагогаў і студэнтаў.

Ён нарадзіўся 14 сакавіка 1946 года ў гарадскім пасёлку Капыль Мінскай вобласці ў сям’і настаўніка, вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. Яму пашанцавала мець настаўнікам таленавітага вучонага, доктара гістарычных навук Аляксандра Мікалаевіча Мацко. У 1983-м пад яго кіраўніцтвам А.Каваленя абараніў кандыдацкую дысертацыю «Идейно-политическая работа подпольных партийных организаций КП(б)Б в партизанских зонах».

З 1982 года Аляксандр Аляксандравіч працаваў на кафедры гісторыі КПСС вышэйзгаданай ВНУ. У 1996-м А.Каваленя быў абраны загадчыкам кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі БДПУ імя М.Танка. Пад яго кіраўніцтвам кафедра ператварылася ў адзін з цэнтраў вывучэння і папулярызацыі гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Вынікам руплівага пошуку даследчыка стала манаграфія «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941–1944. Вытокі. Структура. Дзейнасць». У 2000 годзе па гэтай тэме А.Каваленя абараніў доктарскую дысертацыю, якая ўнесла важкі ўклад у навуковае вырашэнне адной з самых складаных і вострых праблем айчыннай гісторыі перыяду Другой сусветнай вайны. Падрыхтаваны пад кіраўніцтвам Аляксандра Аляксандравіча па даручэнні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь вучэбна-метадычны комплекс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» (2006–2009), які ўключае праграму, падручнікі для ВНУ і сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў (адзначаны спецыяльнымі дыпломамі Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў 2005 і 2006 гадах), даведнік, рабочы сшытак, хрэстаматыю, дапаможнік для настаўніка, прызнаны найлепшым сярод краін СНД.

Падчас працы Аляксандра Аляксандравіча дырэктарам Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў 2004−2010 гадах ажыццёўлена рэарганізацыя структуры інстытута, вызначаны новыя перспектыўныя кірункі навуковых даследаванняў. Інстытут гісторыі ператварыўся ў дзяржаўны цэнтр арганізацыі сістэмных гістарычных даследаванняў.

У лютым 2009 года А.Каваленю аказаны высокі давер з боку кіраўніцтва дзяржавы. Ён быў прызначаны Акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, уведзены ў склад Прэзідыума НАН Беларусі.

Пад кіраўніцтвам А.Кавалені вучоныя аддзялення выканалі Дзяржаўную праграму навуковых даследаванняў на 2011–2015 гады «Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі (гісторыя, культура, грамадства, дзяржава)». За ўвесь час навукова-педагагічнай дзейнасці ім апублікавана больш за 400 навуковых і навукова-метадычных прац. У тым ліку 4 асабістыя і 20 калектыўных манаграфій, 58 падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў і праграм.

А.Каваленя па-ранейшаму працягвае актыўна займацца навукова-даследчай працай. Пры яго непасрэдным удзеле да 70-годдзя Вялікай Перамогі была падрыхтавана калектыўная манаграфія «Вклад белорусского народа в Победу в Великой Отечественной войне» (2015), якая стала пераможцай Міжнароднага конкурсу «Научная книга – 2015».

За вялікую плённую працу Аляксандр Аляксандравіч неаднаразова адзначаўся шматлікімі Падзякамі і Ганаровымі граматамі. У 2002 годзе з’яўляўся стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, тады ж быў узнагароджаны знакам «Выдатнік адукацыі», у 2006-м – медалём Францыска Скарыны. За плённую працу па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі 30 снежня 2011 года А.Каваленю аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 чэрвеня 2014 года вучонаму прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь. У гэтым жа годзе А.Каваленя быў выбраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі.

Жадаем глыбокапаважанаму юбіляру моцнага здароўя, творчага натхнення і новых поспехаў на ніве навуковай, педагагічнай і грамадскай дзейнасці! Са святам Вас, дарагі настаўнік!

 Вячаслаў Даніловіч,
дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Марат Жылінскі,
рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь