29.02.2016/№9

image

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы перад навуковай грамадскасцю НАН Беларусі выступіў першы намеснік

па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, член-карэспандэнт Аляксандр Лукашанец. Яго даклад быў прысвечаны сучаснаму стану, функцыянаванню і перспектывам развіцця беларускай мовы.

«Для большасці краін свету правядзенне Міжнароднага дня роднай мовы накіравана ў першую чаргу на падтрыманне моў нацыянальных меншасцей, павышэнне іх грамадскага статусу і пашырэнне ў практычным ужытку, – адзначыў дакладчык. – Асаблівасць Беларусі ў гэтых адносінах заключаецца ў тым, што аб’ектам першаступеннай увагі становіцца менавіта беларуская мова – дзяржаўная мова краіны і мова нацыянальнай большасці. Нягледзячы на самы высокі заканадаўчы статус беларускай мовы, сёння існуюць сур’ёзныя праблемы з яе рэальным выкарыстаннем у большасці афіцыйных сфер зносін, у тым ліку і ў адукацыйнай сферы».

Па словах А.Лукашанца, на сучасную моўную сітуацыю ў нашай краіне ўплывае істотны дысбаланс паміж дзяржаўным статусам беларускай мовы і яе недастатковай запатрабаванасцю як сродку зносін фактычна ва ўсіх сферах жыцця сучаснага беларускага грамадства.

Таму актуальнай задачай дзяржаўнай важнасці з’яўляецца неадкладнае пашырэнне беларускай дзяржаўнай мовы як сродку зносін у тых сферах афіцыйнага ўжытку, у якіх яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова краіны і мова тытульнай нацыі. Для НАН Беларусі ў гэтых адносінах актуальнасць набывае пытанне пашырэння беларускай мовы ў справаводстве, а таксама падрыхтоўка і прадстаўленне ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь справаздач аб выніках навуковай і навукова-арганізацыйнай дзейнасці на дзвюх дзяржаўных мовах.

Разам з тым ёсць агульны парадокс існавання беларускай мовы ў пачатку ХХІ стагоддзя. Галоўнай перашкодай для яе рэальнага пашырэння ў сучасныя сферы камунікацыі А.Лукашанец лічыць тое, што пры фактычна поўным задавальненні ўмоў уласна лінгвістычнага плана (наяўнасць акадэмічных граматык, слоўнікаў, у тым ліку перакладных, практычных даведнікаў і дапаможнікаў па беларускай мове і інш.) існуюць істотныя праблемы дакладнага і строгага выканання моўнага заканадаўства ў сферы забеспячэння моўных правоў грамадзян. Недастатковай таксама з’яўляецца яе сацыяльная база і моўная кампетэнцыя грамадства, а таксама практычна адсутнічае грамадская воля для пераадолення перашкод сацыяпсіхалагічнага кшталту.

Таму ў сферы гарманізацыі моўнага жыцця беларускага грамадства сёння найбольшую актуальнасць набывае праблема забеспячэння ўмоў адукацыйнага характару, накіраваных на фарміраванне належнай беларускамоўнай кампетэнцыі.

Паколькі адказнасць за тэарэтычнае і факталагічнае забеспячэнне сучасных патрэб моўнай (у першую чаргу беларускамоўнай!) практыкі, што з’яўляецца адной з галоўных умоў пашырэння беларускай мовы ў афіцыйныя сферы камунікацыі, ляжыць галоўным чынам на моваведах, у Інстытуце мовазнаўства вядзецца актыўная работа над праектамі, разлічанымі на перспектыву. Напрыклад, асноўная ўвага акадэмічных вучоных накіравана на падрыхтоўку новага поўнага Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы ў 15-ці тамах. Інстытут працуе над такім фундаментальным праектам, як стварэнне Нацыянальнага корпуса беларускай мовы.

Корпусная лінгвістыка з’яўляецца адным з найбольш актуальных і перспектыўных напрамкаў развіцця сусветнай лінгвістычнай навукі. Корпус – сабраная і апрацаваная па пэўных правілах сукупнасць тэкстаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці базы для даследавання мовы. Яны выкарыстоўваюцца для статыстычнага аналізу і праверкі статыстычных гіпотэз, пацверджання лінгвістычных правілаў у мове. Моўныя корпусы неабходныя як для правядзення фундаментальных лінгвістычных даследаванняў на сучасным узроўні, так і для стварэння рознага роду прыкладных праграм апрацоўкі тэкстаў.

На сучасным этапе развіцця лінгвістыкі і камп’ютарных тэхналогій без выкарыстання корпусаў немагчыма праводзіць навуковыя даследаванні, ствараць граматыкі і складаць слоўнікі. Паколькі пісьменна сфарміраваны корпус не толькі ў значнай ступені садзейнічае аб’ектыўнай і змястоўнай распрацоўцы слоўнікавых артыкулаў, але аб’ектыўна адлюстроўвае сучасны стан і асаблівасці функцыянавання мовы.

Таксама значная ўвага ўдзяляецца ў Інстытуце і правядзенню даследаванняў, накіраваных на вывучэнне гістарычных сувязей беларускай мовы з іншымі славянскімі і неславянскімі мовамі.

Зараз у аддзеле славістыкі і тэорыі мовы развіваецца новы навуковагістарычны напрамак – кітабістыка. Яна сфарміравалася на мяжы славістыкі, семіталогіі і цюркалогіі і займаецца даследаваннем шматмоўнай (у тым ліку беларускамоўнай) рукапіснай спадчыны татараў Вялікага Княства Літоўскага і іх нашчадкаў. Запісаныя арабскімі літарамі беларускія тэксты XVI–XX стст. уяўляюць велізарную каштоўнасць для гісторыі беларускай мовы, а даследаванне і ўвядзенне гэтых тэкстаў у навуковы ўжытак з’яўляецца істотным унёскам у развіццё мовазнаўства, літаратуразнаўства і гісторыі культуры.

Алена ЕРМАЛОВІЧ, «Навука»