16.11.2015 / № 46

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура»

адбылася 5-6 лістапада ў НАН Беларусі.

Яна сабрала больш за 140 даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Малдовы. Лейтматывам гэтага навуковага форуму стала наспелая неабходнасць выпрацаваць беларускі погляд на гісторыю ВКЛ.

Выступаючы на адкрыцці канферэнцыі, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што ў апошнія гады стала добрай традыцыяй правядзенне падобных маштабных навуковых мерапрыемстваў, прысвечаных асэнсаванню найважнейшых праблем гісторыі нашай краіны. «Зусім нядаўна ў нас прайшлі навуковыя форумы, прысвечаныя трагічным падзеям Першай сусветнай вайны, перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і інш. Сённяшняя канферэнцыя асаблівая. Упершыню пры такім значным навуковым прадстаўніцтве беларускія даследчыкі сумесна са сваімі калегамі з замежных краін асэнсоўваюць гісторыю ВКЛ − поліэтнічнай дзяржавы, якая паказала прыклад мірнага суіснавання розных народаў, разумнага і плённага вызначэння эканамічнай палітыкі, развіцця культуры. У беларускай гістарыяграфіі ўжо назапашана шмат прац, прысвечаных гісторыі ВКЛ, часу, калі беларускія землі з'яўляліся складовай часткай магутнай еўрапейскай дзяржавы. Але значны перыяд даследаваліся толькі асобныя пытанні духоўна-культурнага жыцця, сацыяльна-эканамічнай гісторыі, гісторыі гарадоў, рэгіёнаў. Да сённяшняга часу не было спробы комплекснага асэнсавання гісторыі ВКЛ», − адзначыў Ул.Гусакоў і выказаў спа дзяванне, што канферэнцыя паспрыяе вырашэнню акрэсленых праблем.

«У апошні час навукоўцамі-гуманітарыямі многае зроблена для асэнсавання гістарычнай навукі: філосафы, этнографы і культуролагі, асабліва гісторыкі, значную ўвагу надаюць асвятленню праблем гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, − сказаў у сваім выступе акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя. − Ужо выдадзена 3-томная энцыклапедыя ВКЛ, праведзены канферэнцыі ў Навагрудку, Барысаве, Оршы, Полацку і многіх іншых гарадах, дзе асвятляліся розныя аспекты гісторыі Беларусі. Беларуская навука сваім развіццём аб'ектыўна падышла да комплекснага асэнсавання гісторыі ВКЛ. Разам з тым, хачу адзначыць, што айчынным даследчыкам не хапае беларускага нацыянальнага прачытання архіўных матэрыялаў, асабліва летапісаў і дакументаў сярэднявечнай гісторыі».

«Вельмі важна, што менавіта ў перыяд існавання ВКЛ склалася беларуская народнасць, менталітэт. Дзяржаўнай мовай княства была старабеларуская. Усё гэта істотная падстава для ўважлівага вывучэння гісторыі гэтай дзяржавы. Акрамя таго, навукоўцы нашага інстытута ставяцца да спадчыны ВКЛ як да шматнацыянальнай. Сёння для нас вялікае значэнне маюць статуты ВКЛ, якія з'яўляюцца помнікамі юрыдычнай думкі, фактычна першай Канстытуцыяй на тэрыторыі Еўропы. Нам неабходны аб'ектыўны падыход да вывучэння той ці іншай праблемы з выкарыстаннем максімальнай колькасці крыніц», − падкрэсліў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В.Даніловіч.

Прафесар Інстытута гісторыі і палітычных навук ва ўніверсітэце ў Беластоку Януш Тэнгоўскі кажучы пра значэнне гэтай канферэнцыі, падкрэсліў, што «веданне і вывучэнне гісторыі княства ў наш час надзвычай актуальна, паколькі традыцыя ВКЛ звязвае ўсе еўрапейскія краіны. Гісторыя княства адлюстравана ў сучасным жыцці: геральдыка, гербы ВКЛ − усё гэта мы бачым сёння на гербах сучасных гарадоў. Можна назваць і выдатны музей еўрапейскага ўзроўню – Нясвіжскі замак, які шмат распавядае нам пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя таго, мадэль узаемаадносін ВКЛ можа служыць прыкладам для Еўропы і ў нашы дні», − адзначыў навуковец.

Асноўнае праблемнае поле канферэнцыі тычылася дакументальных і археалагічных крыніц вывучэння гісторыі ВКЛ, духоўнай і матэрыяльнай культуры, палітыкі і дыпламатыі, сацыяльнаэканамічных адносін і вайсковай справы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прагучалі даклады, прысвечаныя працэсам дзяржаўнага ўтварэння на беларускіх і літоўскіх землях, эвалюцыі сістэмы палітычнай улады і кіравання ў ВКЛ, пытанням знешняй палітыкі, праблемам культуры і эканомікі, развіццю права ВКЛ.

Падчас канферэнцыі ўдзельнікі і госці маглі наведаць археалагічную навуковаузейную экспазіцыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Музей гісторыі НАН Беларусі, Музей старажытнай беларускай культуры, выставу з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі «Дакументальная і кніжная спадчына ВКЛ», выставу «На скрыжаванні шляхоў…» (беларускія землі ў картаграфічных матэрыялах і прадметах матэрыяльнай культуры XV-XVIII стст.).

Госці канферэнцыі змаглі набыць навуковыя працы акадэмічных гісторыкаў, прысвечаныя ВКЛ, якія пабачылі свет у Выдавецкім доме «Беларуская навука».

Вельмі ўразілі прысутных копіі славутых слуцкіх паясоў, якія былі адноўлены дзякуючы навукоўцам-мастацтвазнаўцам НАН Беларусі. «Важна было не толькі ўзнавіць знешні выгляд паясоў, паўтарыць іх памеры, адметныя арнаменты, але і «перакласці» ручное ткацтва на машыннае, – адзначыў Барыс Лазука, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

– Не адразу ўдалося знайсці прадпрыемства, якое б ўзялося за такую працу. Трэба было аднавіць нацыянальны брэнд. Часам пытаўся сам у сябе: як жа так, у XVIII стагоддзі двое майстроў на ручным станку ткалі пояс, а ў пачатку XXI стагоддзя – немагчыма? Да нашых дзён не захавалася ні малюнкаў, ні чарцяжоў станкоў, прыстасаванняў, ні апісанняў тэхналогіі ткацтва, па якой працавалі слуцкія майстры. Даводзілася разгадваць іх сакрэты, вывучаючы характар перапляцення нітак ў старажытных тканінах, унікальныя пры-ёмы, якія дазвалялі атрымліваць асабліва каштоўныя, так званыя «адліваныя» залататканыя паясы.

Нават на ўнікальным станку не адразу атрымалася выткаць дакладную копію слуцкага пояса. Трэба было вырашыць шмат розных пытанняў, якія тычацца тэхналогіі вытворчасці, абсталявання, стварэння інфраструктуры.

Слуцкія паясы – яркі прыклад таго, як дзяржава мэтанакіравана ўкладвае намаганні і сродкі ў адраджэнне культурнай спадчыны народа, у тым ліку шчыльна звязанага з гісторыяй ВКЛ».

 

Святлана Канановіч

Фота С.Дубовіка, «НАВУКА»