16.11.2015 / № 46

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская мова ў ХХІ стагоддзі: асноўныя тэндэнцыі развіцця»

прайшла ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Форум быў прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння акадэміка НАН Беларусі Аляксандра Падлужнага, які шмат зрабіў для развіцця айчыннай лінгвістыкі.

Акадэмік падтрымаў ініцыятыву эксперыментальнага вывучэння гукавога ладу беларускай мовы, стварэнне беларускай фанетычнай школы. Аляксандр Іосіфавіч спрыяў удумліваму вызначэнню прыярытэтаў мовазнаўчай навукі, займаўся распрацоўкай праблем нармалізацыі сучаснай беларускай мовы, удасканаленнем правапісу.

Мерапрыемства сабрала даследчыкаў-лінгвістаў, спецыялістаў сумежных навук з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, а таксама блізкіх, сяброў і калег А.Падлужнага.

Падчас адкрыцця канферэнцыі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А.Каваленя падкрэсліў, што мае гонар працягваць традыцыі, закладзеныя А.Падлужным, які, пачаўшы свой навуковы шлях з пасады малодшага навуковага супрацоўніка, вырас да акадэміка-сакратара аддзялення, якое ўзначальваў пяць гадоў (1997-2002). Дваццаць гадоў кіраваў Інстытутам мовазнаўства – спачатку намеснікам дырэктара па навуковай рабоце (1983-1989), а потым дырэктарам (1989-2003). На любой пасадзе ўсе сілы, веды і здольнасці ўмеў скіраваць на прагрэсіўны рух навукі, а сярод кіраўнікоў вылучаўся высокай прынцыповасцю, дысцыплінаванасцю і адказнасцю, чаго патрабаваў і ад падначаленых.

Удумлівае вызначэнне А.Падлужным прыярытэтаў лінгвістычнай навукі пацверджана выданнем грунтоўных прац пад грыфам Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі. Асабліва важна, як адзначыў дакладчык, што ў яго асобе гарманічна спалучаўся талент вучонагадаследчыка і арганізатара навукі. А гэта дазволіла закласці трывалы падмурак для перспектыўнага развіцця мовазнаўства на многія гады. Праведзеныя вучоным даследаванні фаналагічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы з’явіліся асновай распрацоўкі пытанняў сучаснага правапісу і арфаэпіі.

Аб выключнай ролі мовы ў культурным жыцці народа гаварыў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі А.Лакотка. Акадэмік слушна падкрэсліў, што «беларускую мову наш народ самаідэнтыфікуе як сваю ўласную, непарыўна звязаную з гісторыяй краіны, сацыяльна-палітычнымі, эканамічнымі ўмовамі яе развіцця.

Маючы адметнасць ад суседніх славянскіх моў, беларуская выступае не толькі сродкам, з дапамогай якога людзі абменьваюцца інфармацыяй.

Беларуская мова акумулявала ў сабе жыццёвы вопыт нашага народа, назапашаны вякамі, асаблівасці яго мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Іншымі словамі, яна ўвабрала ў сябе беларускую культуру. З аднаго боку, яна з’яўляецца спецыфічным спосабам існавання і захавання нашай самабытнай культуры. З іншага, мова – прадукт чалавечай культуры і яе асаблівы складнік, атрыманы намі ў спадчыну».

На непасрэднай ролі акадэміка А.Падлужнага ў вырашэнні праблем сучаснага беларускага правапісу спыніўся ў сваім выступленні член-карэспандэнт А.Лукашанец. Вучоны падкрэсліў, што кіраўніцтва інстытутам акадэмікам А.Падлужным прыпала на складаныя часы пераходнага для беларускага грамадства перыяду, калі адказная роля ў абмеркаванні прынцыпаў словаўжывання падрыхтоўцы новага правапіснага зводу чарговы раз належала Інстытуту мовазнаўства ім. Я.Коласа. Праект новай рэдакцыі «Правіл», падрыхтаваны камісіяй пад кіраўніцтвам акадэміка Падлужнага, быў разгледжаны на пасяджэннях Прэзідыума НАН Беларусі і Калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Але на канчатковым этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі «Правіл» працаваць давялося ўжо іншай рабочай групе, у тым ліку і пад маім навуковым кіраўніцтвам.

Аўтар гэтых радкоў засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што навукоўцамі краіны адзначаецца асабістая заслуга вучонага ў разгортванні і развіцці эксперыментальнага даследавання гукавога ладу беларускай мовы. Як прафесіянальны фанетыст, нармалізатар беларускай мовы Аляксандр Іосіфавіч выказваў ідэю і падкрэсліваў, наколькі «патрэбны арфаэпічны даведнік-слоўнік, у якім на аснове ўліку і аналізу ўсіх магчымых выпадкаў спалучальнасці галосных зычных гукаў пры маўленні і вынікаў іх узаемадзеяння, узаемаўплываў было б рактычна паказана ўзорнае літаратурнае вымаўленне па магчымасці найбольшай колькасці слоў, якія функцыянуюць сёння ў літаратурнай мове».

Што і гэта ідэя вучонага атрымае да стойную рэалізацыю, прысутных пераканала выступленне кандыдата тэхнічныхнавук Ю.Гецэвіча, які прадэманстраваў агучаную версію беларускага сінтэзатара маўлення і матэрыялы электроннага арфаэпічнага слоўніка сучаснай беларускай мовы, падрыхтаванага сумесна з мовазнаўцамі.

Дарэчы, напярэдадні канферэнцыі ў Выдавецкім доме «Беларуская навука» пабачыла свет кніга акадэміка Падлужнага. У зборніку змешчаны выбраныя працы вучонага па актуальных праблемах фанетыкі, фаналогіі, правапісу сучаснай беларускай мовы.

Акрамя таго, на секцыйных пасяджэн нях былі абмеркаваны актуальныя праблемы фанетыкі, граматыкі, лексікалогіі лексікаграфіі, вызначаны аспекты перспектыўнага функцыянавання моў у сучаснай глабальнай прасторы. Усе ўдзельнікі канферэнцыі аргументавана выступалі за ўнармаванасць і чысціню беларускай мовы, а менавіта з такой пазіцыі заўжды сыходзіў ака-дэмік А.Падлужны.

 

Влянціна РУСАК

загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы філіяла «Інстытут мовы і літаратуры імя

Якуба Коласа і Янкі Купалы» Д Н У «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і

літаратуры НАН Беларусі»